10 чэрвеня 2026, Серада, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Халявы» ад Расеі больш не будзе

46

Прэм'ер-міністр Расеі распавёў, чаму на расейскім ТВ з'явіліся выкрывальныя сюжэты пра Лукашэнку.

Уладзімір Пуцін адказваў 24 ліпеня на пытанні журналістаў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам у яго крымскай рэзідэнцыі.

БелаПАН прыводзіць поўную стэнаграму адказаў Пуціна, размешчаную на яго афіцыйным сайце.

Пытанне: Уладзімір Уладзіміравіч, у апошні час развязалася медыявайна ў інфармацыйнай прасторы паміж Расеяй і Беларуссю.

У.У.Пуцін: І што, ёсць ахвяры?

Карэспандэнт: Ахвяраў пакуль няма.

У.У.Пуцін: Ну і слава Богу. Што ж за вайна, калі нават ахвяраў няма?

Карэспандэнт: Выйшлі матэрыялы пра асобы беларускага кіраўніцтва, якія кампраметуюць.

У.У.Пуцін: Пра што выйшлі матэрыялы? Я не разумею.

Карэспандэнт: Пра дзейнасць асобаў беларускага кіраўніцтва.

У.У.Пуцін: Ах вось яно як! І што яны нарабілі?

Пытанне: На ваш погляд, з якой мэтай гэтая вайна была развязаная? Якая яе канчатковая мэта? І ці не баіцеся вы, што будзе сіметрычны інфармацыйны адказ з боку Беларусі?

У.У.Пуцін: Па-першае, калі вы заўважылі па маіх удакладняльных пытаннях, я не бачу ніякай інфармацыйнай вайны. Можа быць, таму, што я мала чытаю перыёдыкі ці мала апошні час гляджу электронныя сродкі масавай інфармацыі? Але я ўсёткі імкнуся знаёміцца з гэтым у штодзённым рэжыме.

Я шчыра вам кажу: я не бачу ніякіх прыкметаў якой бы там ні было вайны, якіх бы там ні было баявых дзеянняў. Я ж не выпадкова спытаў: ёсць ахвяры? Бо няма нічога. Але калі прэса востра рэагуе на нейкія рэчы...

У дачыненні да мяне, у дачыненні да дзейючага прэзідэнта Расеі, у дачыненні да шмат якіх іншых нашых палітычных дзеячаў мы вельмі часта бачым дастаткова вострыя матэрыялы. Гэта вайна, ці што?

Нашыя калегі, калі з'яўляюцца нейкія вострыя матэрыялы, чамусьці думаюць, што яны кімсьці ініцыяваныя. Але гэта не так. Безліч нейкіх падводных плыняў, я нават не паспяваю за ўсім гэтым сачыць. Ну, з'явіліся нейкія вострыя матэрыялы — што цяпер?

Самая лепшая рэакцыя на такія матэрыялы — калі хтосьці лічыць, што яны несправядлівыя, — адказваць таксама ў інфармацыйнай прасторы. Думаю, што гэта будзе правільна, калі людзі, якіх гэта закранае, адпаведным чынам адрэагуюць, пададуць свае аргументы аўтарам тых матэрыялаў, якія яны лічаць несправядлівымі ці залішне вострымі. Я нават не разумею, пра што ідзе гаворка. Не бачу прыкметаў якой бы там ні было вайны, у тым ліку і інфармацыйнай.

Рэпліка: Глядзіце тэлевізар.

У.У.Пуцін: А што там такое? Вы мне распавядзіце! Я пракаментую тады.

Пытанне: Вам цяжка дамаўляцца з цяперашнім беларускім кіраўніцтвам?

У.У.Пуцін: Вельмі лёгка! Так лёгка! Мы па ўсіх пытаннях дамовіліся. Вы ведаеце, калі гаворка ідзе пра грошы, пра аб'ёмы паставак энергарэсурсаў, усім хочацца штосьці атрымаць на халяву ад Расеі. А калі не атрымліваецца, дык узнікае раздражненне.

Але ў той жа час магу вам сказаць, што мы павінны ўлічваць законныя інтарэсы нашых партнёраў. Я лічу, што мы так і робім. Мы ж дамовіліся з нашымі калегамі, у тым ліку з калегамі ў Беларусі, падпісалі кантракт у 2007 годзе. І мы не просім нічога залішняга, па-за межамі гэтага кантракту. Мы просім толькі аднаго: выконваць падпісаныя намі дамоўленасці. Больш нічога не трэба.

Але калі нам кажуць: давайце мы ў гэтым годзе заплацім паменей, а ў наступным — у два разы больш. Мы згаджаемся. А ў наступным годзе нам кажуць: не, давайце пакінем усё, як было ў пазамінулым годзе.

Тым не менш, і ў гэтым выпадку мы імкнёмся знайсці нейкі кансэнсус, пра штосьці дамовіцца, змякчыць уваходжанне ў рынкавыя ўмовы. І мне падаецца, што тая палеміка, якая ішла паміж беларускімі энергетыкамі і расейскімі, нягледзячы на ўсю яе вастрыню, усёткі ж атрымалася дамовіцца. Гэта кажа пра тое, што запас трываласці з абодвух бакоў яшчэ вельмі вялікі, і я б тут не стаў нічога нагнятаць. Усе хочуць набыць танней, прадаць даражэй — ну, гэта ж звычайная справа. Што тут такога, навошта тут нагнятаць штосьці? Пайдзіце на рынак — там вам імкнуцца прадаць даражэй, вы хочаце набыць танней. Згандляваліся. Але паўтараю яшчэ раз: калі згандляваліся, падпісалі паперку — выконваць трэба. Вось толькі гэтага мы і хочам.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках