Бензін можа зноў падаражэць
30- 30.07.2010, 15:09
Для Беларусі павелічэнне экспартнай пошліны на расейскую нафту пагражае чарговым уздымам коштаў на паліва.
Экспартная пошліна на расейскую нафту з 1 жніўня бягучага года будзе падвышаная з 248,8 да 263,8 даляра за тону. Адпаведная пастанова была падпісаная прэм'ер-міністрам Расеі Уладзімірам Пуціным, нагадвае «Штодзённік».
Як паведамляе сайт урада Расеі, пошліна на светлыя нафтапрадукты павялічылася да 190 даляраў за тону, а на цёмныя - да 102,4 даляра. Зраз стаўка пошліны на светлыя нафтапрадукты складае 179,9 даляра, а на цёмныя - 96,9 даляра за тону.
Стаўка экспартнай пошліны на нафту Усходняй Сібіры вырасла на 14 адсоткаў у параўнанні з ліпеньскім паказчыкам і склала 80,3 даляра за тону. З 1 ліпеня пошліна на нафту з 22 усходнесібірскіх радовішчаў была ўсталяваная на ўзроўні 69,9 даляра за барэль.
Урад раз у месяц усталёўвае пошліны на экспарт расейскіх нафты і нафтапрадуктаў, арыентуючыся на іх сярэдні кошт за месяц. Да 2008 года стаўка пошліны разлічвалася раз у два месяцы.
Для Беларусі павелічэнне экспартнай пошліны на расейскую нафту пагражае чарговым уздымам коштаў на паліва, паколькі пастаўкі нафты з Венесуэлы пакуль не могуць скласці альтэрнатыву Расеі.