Беларускі дыктатар загаварыў пра «дыктат» і «шантаж»
45- 8.07.2010, 13:23
Сёння Лукашэнка выступіў на прыёме выпускнікоў навучальных ваенных установаў Беларусі і Расеі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, нягледзячы на распачатыя спробы ціску і шантажу краіны, створаная ў дзяржаве палітычная і эканамічная мадэль паказвае здольнасць адэкватна рэагаваць на гэтыя выклікі.
«Бягучы год ускладняецца эканамічнай нестабільнасцю. Дзяржавы, якія не валодаюць уласнымі энергарэсурсамі, вымушаныя прыкладаць каласальныя высілкі для забеспячэння сваёй незалежнасці. Спробы дыктату і шантажу сёння робяцца і ў дачыненні да нашай краіны», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, перадае «Інтэрфакс».
Звяртаючыся да афіцэраў, ён сказаў: «Вы бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны, ля нашых межаў». У якасці адной з прычынаў сітуацыі, якая складваецца, Лукашэнка адзначыў, што «прычына аб'ектыўная - на карце свету з'явіліся суверэнныя дзяржавы, сярод якіх Беларусь, і яны запатрабавалі свайго месца». «Пройдзе час, Беларусь, Узбекістан, Кыргызтан, Украіна стануць у шэрагу тых дзяржаваў, якія забяспечылі сабе паўнапраўнае становішча ў свеце», - сказаў А.Лукашэнка.
Паводле яго словаў, «створаная ў нашай дзяржаве палітычная і эканамічная мадэль у гэтых умовах дэманструе здольнасць адэкватна рэагаваць на любыя выклікі».
Беларускі кіраўнік канстатаваў, што сёння міжнароднае становішча застаецца няпростым і супярэчлівым.
«Усе мы з'яўляемся сведкамі імкнення да рэвізіі пагадненняў адносна пасляваеннага светаўладкавання, каб дагадзіць палітычным інтарэсам асобных дзяржаваў», - адзначыў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што сёння «зніжаецца эфектыўнасць механізмаў забеспячэння міжнароднай бяспекі, працягваецца трансфармацыя ваенна-блокавых стасункаў, не спыняюцца канфлікты, якія спараджаюцца палітычнымі гульнямі прэтэндэнтаў на лідэрства».