9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для брытанцаў лукашэнкаўская Беларусь - апора зла

18

Уключаеш фільм пра Шэрлака Холмса і першае, што бачыш - чорны экран і на ім буйна белымі друкаванымі літарамі: «Менск. Беларусь».

Затым - вялікае пустое памяшканне з пабітым шклом. За акном дзень, але ўнутры няма электрычнасці. Шэрлак дапытвае чалавека, у абодвух з рота ідзе пара. Халодна, цёмна. Менск, Беларусь.

Як піша TUT.by, на хвалі новай папулярнасці майстра дэдукцыі, паднятай фільмам Гая Рычы «Шэрлак Холмс», сусветна вядомы брытанскі тэлеканал BBC зняў уласны фільм пра Шэрлака, перамясціўшы яго ў 21-е стагоддзе. Прынцыпы дэдукцыі застаюцца некранутымі, але перакладаюцца на сённяшнюю рэальнасць: замест курыльнай трубкі - нікацінавыя пластыры, замест газеты The Times - інтэрнэт і iPhone, замест трушчобаў - добра пазнавальны цэнтральны Лондан. Холмс малады, бледны, шпаркі; Ватсан практычны, надзейны, сентыментальны. Фільм глядзець цікавей, чым віктарыянскую класіку: героі і сюжэты блізкія і зразумелыя, прадметы знаёмыя і рэальныя, таму яго змест лёгка ўспрымаецца і застаецца ў памяці. Фільм меў вялікі поспех - ён ішоў у нядзелю ўвечары, у прайм-тайм, сабраўшы вялікія 7,2 мільёны гледачоў.

І ўсе яны (плюс тыя, хто тыдзень пасля паказу мог бясплатна спампаваць фільм з сайту BBC; плюс тыя, хто купіць DVD) пачалі прагляд з «Менск. Беларусь» на чорным экране. Зразумела, што законы жанру дыктуюць наяўнасць цёмнага боку, ворагаў, асабліва краіны, з якой зыходзіць небяспека. Традыцыйна такая роля адводзілася Расеі, на кароткі перыяд у 1990-я - Кітаю. І вось - «Як там тая расейская справа?» - пытаецца Ватсан. «Бе-ла-русь, - чаканіць у адказ Холмс. - Поўная лухта». Яшчэ - у калядным выпуску любімага брытанцамі серыяла «Толькі дурні і коні» галоўны герой пытаецца: «І што, мне адаслаць гэта наркадылерам у Беларусь?» Такія згадкі нашай краіны памнажаюцца.

Здавалася б, чаму беларусам і не парадавацца? Нарэшце пра краіну кажуць шматмільённай аўдыторыі - і якая розніца, што менавіта. Але розніца ёсць: Беларусь трывала забіла ячэйкі памяці «небяспечнае адсталае месца, ад якога трэба трымацца далей»: там нясцерпна, дэпрэсіўна і чорна-бела. А гэта значыць, што інвестары не захочуць несці грошы ў гэтую краіну, пакупнікі не захочуць плаціць за прадукты з гэтай краіны, а турысты будуць трымацца ад яе падалей. Інвестары, пакупнікі, турысты - у першую чаргу проста людзі, і Шэрлак, які мерзне ў Менску, з парай з рота эмацыйна закранае і пераконвае іх значна мацней, чым даклады чыноўнікаў пра станоўчыя змены беларускага справавога заканадаўства на дарагіх інвестыцыйных форумах.

У згаданым эпізодзе Шэрлак раскрывае беларускага шпіёна, таму што той хоць і размаўляе па-ангельску, але няўмела карыстаецца мовай. Гэтак жа справа ідзе і з прасоўваннем іміджу Беларусі ў Еўропе: чыноўнікі змакрэлі, зазываючы інвестараў, а карысці пакуль відавочнай няма. Таму што беларусы марнуюць намаганні не там: трэба працаваць у першую чаргу з шырокай публікай, з СМІ, з масавай культурай, каб стварыць спрыяльную глебу, станоўчае базавае стаўленне да краіны ў еўрапейцаў у цэлым. Толькі потым з яго пачнуць прабівацца фінансавыя і людскія струмені ў Беларусь. Інакш тры хвіліны ў фільме на BBC перакрэслівае месяцы цяжкай працы і бюджэтных выдаткаў. Зацікаўце людзей - інвестыцыі прыйдуць услед.

Як сказаў бы сам Шэрлак: «Элементарна, Ватсан».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках