Тры пытанні Алегу Гайдукевічу (Фота)
77- 10.10.2012, 13:43
Маладафронтаўцы звярнуліся да былога начальніка Фрунзенскага РУУС.
У сувязі з імклівай эвалюцыяй партыі ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча ў бок «дэструктыўнай апазіцыі», хацелася б задаць некалькі пытанняў новаму намесніку старшыні партыі Алегу Гайдукевічу, піша mfront.net.
31 жніўня Алег Гайдукевіч напісаў рапарт аб звальненні з МУС, выбраўшы такім чынам палітычную кар'еру. «У палітыку трэба прыходзіць не так, як некаторыя нашы палітыкі - інстытут скончылі і сталі палітыкамі. Неабходна прайсці жыццёвы шлях, кімсьці стаць, дасягнуць нейкіх маральных, чалавечых, жыццёвых якасцей», - пракаментаваў Гайдукевіч-малодшы свой выбар.
Паколькі «маральныя якасці» міліцыі ў апошні час ставяцца пад сумнеў большасцю грамадзян краіны, лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, бацька Алега, на ўсялякі выпадак дапоўніў разважанні сына: «Алег быў самым адкрытым міліцыянтам у МУС. Ён - міліцыянт чысты, займаўся міліцэйскімі справамі, на самой справе лавіў злачынцаў».
Чым сапраўды займаўся Алег Гайдукевіч на сваёй пасадзе?

За перыяд з 2009 па 2012 гады праз Фрунзенскі РАУС прайшлі больш за сотню апазіцыйных актывістаў: хлопцы з «Еўрапейскай Беларусі», затрыманыя за Плошчу-2010, у тым ліку фігуранты «справы дзекабрыстаў», маладафронтаўцы, якія не выходзілі з «сутак» у 2012-ым, актывісты сацыяльных сетак...
Самы папулярны артыкул для актывістаў - 17.1 КаАП, «дробнае хуліганства», пад які падпадае тая ж нецэнзурная лаянка. Як фабрыкуюцца падобныя артыкулы - даўно вядома: чалавека затрымліваюць, напрыклад, на выхадзе з пад'езду перад нейкім мерапрыемствам, а потым ужо самі міліцыянты выступаюць сведкамі на судзе: «нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы»...
6 ліпеня 2011 года Алег Гайдукевіч асабіста кіраваў брутальным разгонам «маўклівай акцыі» у Менску. Пасля гэтага лідэр ЛДПБ быў вымушаны апраўдвацца перад журналістамі за сына: «Найбольш карэктнае стаўленне да затрыманых было менавіта ў Фрунзенскім РУУС»... Недарэчная цытата выклікала шквал каментароў сведак такога «гуманізму».


У сувязі з усім вышэйзгаданым хацелася б задаць першае пытанне.
1. Ці не хочаце вы, Алег Уладзіміравіч, будучы зараз публічным палітыкам, папрасіць у людзей прабачэнне за вашыя незаконныя загады падначаленым, за хлуслівыя рапарты, сфальшаваныя пратаколы, за разгон мірных мерапрыемстваў, накшталт акцыі 6 ліпеня 2011 года?

Цікава, дарэчы, што, у адрозненне ад сына, лідэр партыі Сяргей Гайдукевіч, паводле яго слоў, адным з першых (студзень-люты 2011 года) прызнаў існаванне ў Беларусі палітвязняў і запатрабаваў іх вызвалення.
Справа Лінкуса
Праваабаронца Валеры Шчукін упэўнены, што Гайдукевіч сышоў з МУС зусім не таму, што марыў стаць палітыкам, а з-за справы садыста Лінкуса. Дзінас Лінкус - былы намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС, злачынствы якога, на думку Шчукіна, доўгі час пакрываў Гайдукевіч.
Маёр Лінкус атрымаў 4 гады калоніі за тое, што збіў свайго падначаленага на 5-ы дзень працы ў дэпартаменце аховы МУС у Гродна. Туды ён быў пераведзены з Менска, пасля таго, як рэгулярна станавіўся героем рознага роду скандальных гісторый. Яго падазравалі ў згвалтаванні. У свой час Лінкус затрымліваў палітычных актывістаў, у тым ліку і Шчукіна.

За некалькі дзён да вынясення прысуду былому падначаленаму Алег Гайдукевіч ахарактарызаваў яго як «вопытнага кіраўніка». І адзначыў, што заўсёды падасць яму руку пры сустрэчы.
2. Алег Сяргеевіч, як вашыя выбаршчыкі маглі б ацаніць сяброўства намесніка старшыні ЛДПБ з садыстам Лінкусам?
«Розная бывае апазіцыя»
«У беларускім грамадстве існуе меркаванне, што апазіцыянер - гэта чалавек, якога пастаянна б'юць дубінкай, пакрыўджаны, няшчасны і пакутуе ў турме або на плошчы. Але розная бывае апазіцыя »- не будзем спрачацца з прафесіяналам з нагоды дубінак, лепш прыгледзімся да «рознай апазіцыі».
Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, які быў спарынг-партнёрам Лукашэнкі на выбарах 2001, 2006, 2010 (зняўся, не падаўшы подпісаў) гадоў, які патрабаваў зняцця Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча з перадвыбарнай гонкі, які заявіў у 2006-м, што міліцыя «выратавала» моладзь з намётавага мястэчка ад п'янства і хвароб, раптам ператварыўся ў... «апазіцыянера».
«Народ Беларусі асуджае ўладу, і гэтую праўду схаваць немагчыма. І гэта яшчэ мякка сказана, - гэта Гайдукевіч ужо разліву восені 2011 года. - Навіны БТ - скажам шчыра, ванітуе ад гэтага. (...) Хутка падымуць галаву працоўныя калектывы і ўвесь народ».
Аднак усе шляхі да адступлення «вопытны палітык» ніколі не адсякаў: «Урад не ў стане сказаць Лукашэнке праўду пра тое, што яго даручэнні ў асноўным невыканальныя... Верхавіна ўлады застаецца ў адзіноце». Кіраўнік, хіба што проста не ведае, што адбываецца на франтах, як Гітлер у 1945-м.
Гайдукевіч - ці не самы прарасейскі палітык у Беларусі. Ён выступаў за ўвод расейскага рубля, прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі (сустракаўся з прэзідэнтам апошняй), зараз дамагаецца аўдыенцыі з Пуціным. Прарасейскасць магчыма і была прычынай сыходу з выбарчай кампаніі Гайдукевіча ў 2010-м. З тых часоў усё пайшло не так...
Ідэальная карціна для Гайдукевіча - роля «канструктыўнай апазіцыі» ў парламенце, дзе ЛДПБ будзе суседнічаць з камуністамі, партыяй Ляўковіча і, напрыклад, «Белай Руссю». Аднак сёння, адразу пасля «парламенцкіх выбараў», да гэтай ілюзіі як ніколі далёка.
3. Як вы глядзіце на тое, Алег Сяргеевіч, каб па добраму беларускаму апазіцыйнаму звычаю паглядзець на краіну з таго боку кратаў?
Былы намеснік старшыні ЛДПБ дэпутат Менгарсавета Уладзімір Карунас усё ж такі не змог пазбегнуць такой долі...
У завяршэнне аўтары артыкула прыводзяць спіс з больш, чым ста актывістаў апазіцыі, якія прайшлі праз РУУС Фрунзенскага раёна ў апошнія гады. Пераважная большасць з іх была асуджана на адміністрацыйныя арышты па сфальсіфікаваных падначаленымі Алега Гайдукевіча пратаколах.