29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Любоў Кавалёва: Не магу вярнуць сына ні жывым, ні мёртвым

18
Любоў Кавалёва: Не магу вярнуць сына ні жывым, ні мёртвым

Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва не пакідае спробаў вярнуць цела сына.

10 кастрычніка - Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Беларусь - адзіная еўрапейская краіна, у якой выносяць і выконваюць смяротныя прысуды.

Гэта - адна з асноўных прычын таго, што Беларусь да гэтага часу не прынялі ў Савет Еўропы, перадае «Радыё Свабода».

Любоў Кавалёва з Віцебска з дапамогай праваабаронцаў Нідэрландаў пачала кампанію «Вярніце цела». Яна дамагаецца ад улад Беларусі вярнуць цела яе сына Уладзіслава Кавалёва, расстралянага разам са Зміцерам Канавалавым па прысуду Вярхоўнага суда за выбух у менскім метро. Нідэрландскія актывісты збіраюць подпісы да ўлад Беларусі, у тым ліку за адмену смяротнага пакарання. Любоў Кавалёва тлумачыць, для чаго гэта робіцца:

«Так, я не магу вярнуць сына. На жаль, не магу вярнуць ні жывым, ні мёртвым. Гэта вельмі балюча. Самі разумееце, для маці гэта катаванне - не ведаць, дзе тваё дзіця. Я думаю, што ў такой сітуацыі, у якой апынулася я, няма гарантыі, што не апынуцца іншыя людзі, іншыя беларусы».

Уладзіслава Кавалёва і Зміцера Канавалава расстралялі ў сакавіку. Праваабаронцы заяўляюць аб верагодным расстрэле яшчэ аднаго чалавека, якога прысудзілі да вышэйшай меры два гады таму. Колькі такіх прысудаў прыводзіцца ў выкананне, першы намеснік Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей Працэнка паведаміць адмаўляецца:

«Суд паведамляе сваякам аб выкананні прысуду. Да мяне гэтая інфармацыя не прыходзіць, і справаздачнасці такой у мяне няма».

Як паведамляюць праваабаронцы, за час незалежнасці Беларусі да вышэйшай меры пакарання прысудзілі каля 400 чалавек. Колькі з іх прыведзена ў выкананне, невядома - гэтыя звесткі сярод самых засакрэчаных у краіне. Даведацца аб колькасці расстраляных можна хіба праз сваякоў. Такім чынам вядома, што вышэйшая мера выконваецца адносна 2-3 чалавек штогод.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках