28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхароў Брэста прымусілі працаваць у выходны дзеля «карцінкі»

22

Супрацоўнікаў «Брэстгазаапарата» прымусілі выйсці на працу ў выходны дзеля «карцінкі» для расейскіх СМІ.

Дзесяты па ліку прэс-тур для прадстаўнікоў расейскіх СМІ ў Беларусь пачаўся з наведвання Брэсцкай вобласці, куды дабраліся 90 журналістаў суседняй краіны.

Афіцыйна лічыцца, што прэс-тур фінансуецца з бюджэту «саюзнай дзяржавы», але беларускія ўлады не шкадуюць намаганняў і сродкаў, каб задобрыць прыезджых рэпарцёраў з расейскіх рэгіёнаў. Дэманструюць жа гасцям толькі тое, што паказаць не сорамна: на Брэстчыне ўдзельнікаў прэс-тура чакалі экскурсіі на вяслярны канал, у Палац водных відаў спорту і Брэсцкую крэпасць, наведванне свабоднай эканамічнай зоны «Брэст», ААТ «Івацэвічдрэў» і фабрыкі цацак «Палессе» у Кобрыне.

Таксама значылася ў праграме візіту з'яўленне расейскіх журналістаў на заводзе «Гефест-тэхніка», які належыць ААТ «Брэстгазаапарат». Як расказаў карэспандэнту charter97.org адзін з рабочых гэтага прадпрыемства, «з намі паступілі проста не па-людску».

«Дзеля прыезду журналістаў з Расеі кіраўніцтва завода «Гефест-тэхніка» прымусіла людзей выйсці на працу ў суботні дзень. Паколькі гасцей было шмат, запускалі іх у два заходы. І ўсё толькі для таго, каб яны за пяць хвілін прайшліся па цэхах, сфатаграфавалі і зрабілі «карцінку», а начальства адрапартавала, як у нас усё добра», - падзяліўся супрацоўнік «Брэстгазаапарат».

Дарэчы, мяркуючы па прэс-канферэнцыі старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара, з якой фактычна пачаўся прэс-тур, і самі прадстаўнікі СМІ не схільныя парушаць «правілы гульні». Выслухаўшы сказаную на дарогу прамову, госці распытвалі пра што заўгодна (будаўніцтва гіпермаркетаў, тавараабарот з расейскімі рэгіёнамі, чысціню вуліц і як ўжываюцца праваслаўныя з каталікамі), але вострых і надзённых тым пазбягалі. Што, зрэшты, не дзіўна: для візіту ў Беларусь адбіраюць самых «годных», а для некаторых такая паездка - ужо далёка не першая. Падчас размовы многія журналісты, якія папрацавалі ў часы партыйна-савецкага друку, нават не хавалі, што прыязджаючы ў нашу краіну нібы акунаюцца ў атмасферу СССР.

Пасля выходных дзён, праведзеных на Брэстчыне, прадстаўнікоў расейскіх СМІ перавезлі ў музей-запаведнік «Нясвіж», а далейшая праграма іх візіту ўключае наведванне Акадэміі навук, Парка высокіх тэхналогій. Па вечарах для ўдзельнікаў прэс-тура запланаваны «афіцыйныя прыёмы» ад імя гарадскіх улад, а апафеозам візіту стане запланаваная на 16 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках