28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Хлусню афіцыйнай прапаганды лёгка выкрыць

23
Станіслаў Шушкевіч: Хлусню афіцыйнай прапаганды лёгка выкрыць

Беларусам дастаткова прыехаць у суседнюю Літву, каб пераканацца ў хлусні афіцыйнай прапаганды.

«Беларуская прапаганда пастаянна ачарняе Балтыю, але нашы людзі пра гэтыя краіны вельмі высокага меркавання. Больш за тое, беларусы падобныя з латышамі і эстонцамі сваёй стрыманасцю, а з літоўцамі – гаспадарлівасцю», - заявіў у інтэрв'ю парталу TVNET Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь, дацэнт, прафесар, палітычны дзеяч, які падпісаў у 1991 годзе Белавежскія пагадненні аб ліквідацыі СССР.

- У нас у Латвіі пастаянна паўтараюць, што латышская мова можа знікнуць, перыядычна ўспыхваюць руска-латышскія «моўныя войны». Падобная сітуацыя і ў Эстоніі. А як ідуць справы з дзяржаўнай мовай, нацыянальнай культурай у Беларусі? Ствараецца ўражанне, што яны практычна зніклі...

- На жаль, мы занадта даўно знаходзімся пад Расеяй, з моманту трэцяга падзелу Польшчы (1795 год). Пра тое, як вынішчалася беларускасць, я б сказаў, «нет повести печальнее на свете». Беларуская інтэлігенцыя мэтанакіравана знішчаецца з 1802 года.

Другая праблема ў тым, што заходняя беларуская дыяспара, беларусы, якія жывуць у ЗША і Канадзе, размаўляюць і пішуць крыху на іншай беларускай мове, якая была да 1937 года, калі адбылася моўная рэформа. Таму існуюць дзве беларускія граматыкі, што таксама пагаршае моўную праблему. Я паспрабаваў напісаць пра ўсё гэта кнігу, магчыма, яна хутка выйдзе ў Маскве.

Працэс знішчэння беларускасці працягваецца і зараз, у першую чаргу, дзякуючы Лукашэнке. Сам ён дрэнна ведае беларускую мову, часам грэбліва пра яе выказваецца. Таксама дрэнна ведаюць нацыянальную мову і тыя сатрапы, якія яго атачаюць. Так што русіфікацыя, якая ў нас вядзецца вельмі даўно, набыла фантастычныя памеры. У Беларусі разагнаныя Саюз пісьменнікаў, Саюз мастакоў, на іх месцы створаны арганізацыі, у якіх знаходзіцца ўбогая, пралукашэнкаўская «інтэлігенцыя».

Нават у савецкі час нічога падобнага ў нас не было.

- Краіны Балтыі, асабліва, відавочна, Літва, - што яны значаць для Беларусі ў палітычным, эканамічным, скажам так, «постсавецкім» сэнсе? Як у Вашай краіне глядзяць на сваіх бліжэйшых паўночных суседзяў з ЕЗ?

- Наша афіцыйная прапаганда пастаянна трубіць аб тым, што краіны Балтыі жудасна адсталыя, людзі жывуць там вельмі дрэнна, а ў Беларусі яны жывуць непараўнальна лепш. Але ж гэта хлусня, якая вельмі лёгка выкрываецца. Жыхарам Беларусі трапіць у Літву адносна лёгка. Яны прыязджаюць у Вільню або Каўнас, усё бачаць на свае вочы, параўноўваюць, і гэта параўнанне вельмі далёка не на карысць Беларусі.

Што тычыцца Латвіі, тут крыху больш складана, - яна і далей, і мяжа ў нас паменш, ну а Эстонія для нас наогул цяжка дасягальная.

Для Беларусі Балтыя з'яўляецца годным прыкладам таго, як інтэлігенцыя павінна змагацца за дзяржаўную незалежнасць, свае мову, культуру, нацыянальную годнасць, развіваць і ўмацоўваць іх. Я шмат працаваў разам з прыбалтамі, ужо прабачце, што так вас называю, як у савецкі час, так і цяпер, паважаю іх і застаюся пра іх самага высокага меркавання.

Разумееце, у вашых краін ёсць адна гістарычная перавага, - Балтыя не губляла дзяржаўнасць так надоўга, наколькі губляла яе Беларусь. Так, ваша інтэлігенцыя таксама знішчалась, але не настолькі бязлітасна, як у нас.

Вядома, палякі, украінцы, рускія нам бліжэй, як па ментальнасці, так і па мове, але мне здаецца, у нас ёсць і нешта падобнае і з прыбалтамі.

Напрыклад, гаспадарлівасць беларусаў падобная на літоўскую, нейкая стрыманасць - на латышскую і эстонскую. Скажу так: Літва, Латвія і Эстонія вельмі добрыя прыклады для пераймання, але не для парадыравання.

- Тэрмін дзяржаўнай незалежнасці Латвіі і Эстоніі вельмі малы, можна сказаць, яна яшчэ ў эмбрыянальным стане. Гэтага нельга сказаць ні пра Літву, ні пра Беларусь, якія ўваходзілі ў такую імперыю, як Рэч Паспалітая. Ці захаваўся яшчэ ў гістарычнай памяці беларусаў нейкі імперскі, незалежны дух? Напрыклад, у вашых бліжэйшых суседзяў, літоўцаў, яго да гэтага часу, хоць адбаўляй...

- Так, дзяржаўнасць у Латвіі мае невялікі тэрмін, але дзяржава паспяховая толькі тады, калі яе грамадзяне адчуваюць сябе ў ёй камфортна ва ўсіх сэнсах. Вазьміце Фінляндыю, яна пабольш Латвіі, але ж незалежнасць таксама атрымала толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, гэта значыць тады ж, калі і Ваша краіна. Але фіны вельмі моцна трымаліся за сваю незалежнасць, не пабаяліся ўступіць у вайну з СССР у 1939-1940 гадах, і хоць страцілі ў ёй 11% сваёй тэрыторыі, тым не менш, не страцілі самага галоўнага - дзяржаўнай свабоды.

Гаворачы пра Беларусь, з горыччу даводзіцца прызнаць, што з самасвядомасці нашага народа гістарычная прыналежнасць да вялікай дзяржавы і гэты дух, пра які Вы кажаце, вельмі моцна і вельмі доўга выбівалі. А сваёй багатай гісторыяй можа і павінен ганарыцца кожны беларус! Можа быць, Вы не ведаеце, але, напрыклад, хрысціянства ў Беларусі на 500 гадоў старэйшае, чым у Літве.

...Гэты дух і гістарычную памяць працягваюць выбіваць з беларусаў і па гэты дзень. І я пакуль не бачу, як і калі нешта можа ў нас змяніцца. Пасля ракіроўкі ў Маскве, калі да ўлады зноў прыйшоў Пуцін, пазіцыі Лукашэнкі зноў застаюцца вельмі моцнымі. У Расеі парушэнняў дэмакратыі яшчэ паболей, чым у Беларусі, проста яны загорнуты ў больш прыгожую ўпакоўку, так што наш кіраўнік адчувае сябе ўпэўнена.

- Вы смела называеце Лукашэнку злачынцам, актыўна працуеце ў апазіцыі, чытаеце выкрывальныя лекцыі, але ніякіх карных мер да Вас з боку рэжыму не ўжываецца. Нават у ЕЗ можаце свабодна выязджаць. Гэта дзякуючы Вашаму статусу і вядомаму імю?

- Ды пра што Вы кажаце?! Я на працягу паўгода павінен быў вакольнымі шляхамі выбірацца з Беларусі, каб куды-небудзь з'ездзіць, паколькі, як высветлілася, трапіў у спецыяльную базу дадзеных нашых службаў дзяржбяспекі. У Еўропу мне даводзілася дабірацца праз краіны Балтыі і Расею. У канцы-канцоў, раззлаваўшыся, стаў высвятляць, чаму трапіў у спіс «невыязных», і аказалася, што я фігурую, як чалавек, да якога прад'яўлены судовы пазоў. Прабачце, але да мяне ніхто ніколі не выстаўляў ніякіх пазоваў! Потым перада мной папрасілі прабачэння, патлумачыўшы ўсё памылкай кампутара. Гэта як жа так кампутар змог «памылкова» унесці мяне ў «чорны спіс»? Дарэчы, такія «памылкі» чамусьці датычацца толькі тых, хто знаходзіцца ў апазіцыі і супрацьстаіць рэжыму...

А як нам тлумачаць на мяжы, чаму не выпускаюць з Беларусі? Камандзір заставы спакойна так кажа: так, я разумею, што парушаю Канстытуцыю, але ў мяне загад, а я чалавек ваенны.

Далей, аб «адсутнасці карных санкцый». Указам Лукашэнкі я фактычна пазбаўлены пенсіі. Хочаце пасмяяцца? Мая дзяржаўная пенсія складае... 0,4 еўра, гэта значыць, 40 цэнтаў!

- Так як Вам, былому першаму кіраўніку незалежнай дзяржавы, дацэнту, прафесару, навукоўцу жывецца ў сённяшняй Беларусі?

- Я вельмі рады, што калі ўваходзіў ва ўладу, не набыў новых сяброў, але шчаслівы, што нікога не згубіў са старых. Зарабіць жа я магу, выязджаючы за мяжу, чытаючы там лекцыі...

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках