9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўсееў-міліцыянт - гэта «лад жыцця» (Фота)

168

Палкоўнік, які праславіўся асабістым удзелам у жорсткіх разгонах акцый пратэсту, упершыню распавёў пра сябе.

Аказваецца, ён любіць дарагую парфуму і не любіць паляванне.

Цяпер Ігар Яўсееў працуе начальнікам УУС Віцебскага аблвыканкама. Распавядаючы пра сябе газеце «Витебский рабочий», ён чамусьці не ўзгадаў, за якія заслугі атрымаў цяперашнюю пасаду. Між тым больш жорсткіх распраў з самымі бяскрыўднымі акцыямі пратэсту, якімі камандаваў асабіста палкоўнік Яўсееў, Беларусь яшчэ не ведае, піша «Народная воля».

- Ігар Уладзіміравіч, вы ў галіне чалавек новы. Раскажыце крыху пра сябе. Напрыклад, як зарабілі свае першыя грошы.

- Я нарадзіўся ў пасёлку Рось Гродзенскай вобласці ў сям'і настаўніцы і будаўніка. Бацькі пастаянна працавалі, таму рос у асноўным у бабулі з дзядулем. Пасля чацвёртага класа з таварышамі пайшлі працаваць на збожжаток. Праз тыдзень атрымаў першую зарплату - 15 рублёў, што было нямала ў той час. Як распарадзіцца грашыма не ведаў, таму аддаў маме. Яна мне накупляла кучу прысмакаў, а ўжо пасля даведаўся, што рублёў на 30.

На акцыі «Стоп-Бензін-4»

Рос у сям'і адзіным дзіцем: брат нарадзіўся, калі я ўжо быў дарослым і самастойным. У бойках ніколі не ўдзельнічаў, але, пры неабходнасці, мог супакоіць задзір калі не вокрыкам, то ціхім і адначасова строгім папярэджаннем. Быў распешчаным і слаба падрыхтаваным да дарослага жыцця, бацькі нават баяліся, што вырасту слабахарактарным, а слабасць характару - гэта адзіны недахоп, які немагчыма выправіць. Таму было вырашана пасля 8-га класа адправіць мяне на вучобу ў Пружанскі тэхнікум. Завезлі і пакінулі. Прыйшлося прыстасоўвацца да новага жыцця.

Падчас суда над Алесем Бяляцкім

Захапіўся вучобай, спортам. Займаўся грамадскай дзейнасцю. Напрыклад, дапамагаў ствараць пры тэхнікуме музей Перамогі. Тады я ўпершыню напісаў ліст палкоўніку Лісіцыну, які быў адным з аўтараў ваеннай энцыклапедыі. Ён сцвярджаў, што Сцяг Перамогі прысутнічаў на Парадзе Перамогі ў Маскве. А Міхаіл Аркадзьевіч Шульман (дырэктар тэхнікума) мне паказаў даведку, што гэта не так. Тады я напісаў ліст Ягораву, які паставіў Знамя на Рэйхстаг, і той адказаў: у Парадзе Перамогі сапраўды Знамя не ўдзельнічала, так як ішоў дождж і яго не выстаўлялі. Быў у гасцях у генерала Батава, які музею аддаў сваё шынель. Сустракаўся з унучкай Левітана: яна дзедаўскую кашулю падарыла.

Пасля «маўклівай» акцыі 15 чэрвеня 2011 года і першых затрыманняў ён заявіў, што міліцыя працавала... у адпаведнасці з загадам № 1 аб ветлівым абыходжанні з грамадзянамі

- Ігар Уладзіміравіч, вы казалі пра бацькоў. Але ёсць і іншыя блізкія людзі, якія заўсёды побач з Вамі - жонка і дзеці…

- Наша сям'я - наш тыл. Падчас маіх няўдач я заўсёды адчуваў падтрымку сям'і, якая выпрабавала на сабе цяжар міліцэйскага жыцця. Жонка Ірына заўсёды была і застаецца незаменным сябрам і памочнікам.

У нас ужо трое дзяцей. Дачцэ 19 гадоў, працуе ў агракамбінаце «Мачулішчы» юрыстам, завочна вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава. Сыну 16 гадоў. Ён студэнт чыгуначнага каледжа, будзе памочнікам машыніста. Марыць служыць у арміі. Самай маленькай Арыне 7 месяцаў. Ёсць малодшы брат, якім ганаруся. Праходзіць службу ў праваахоўных органах.

- Як вы любіце адпачываць? Можа, рыбалка, паляванне?

- Не, паляўнічым ніколі не быў, таму што люблю жывёл. Адпачываць неяк не даводзіцца: заўсёды вялікая нагрузка. Цяпер хочацца ўсё адразу ахапіць, вывучыць, каб хутка увайсці ў курс справы. Калі сюды прыйшоў, пачаліся святы: 9 Траўня, Дзень горада, «Славянскі базар»... А наогул самы добры адпачынак - узяць калыску з маленькай дачкой і прайсці па Віцебску. Мне вельмі падабаюцца яго вуліцы - ціхія, спакойныя, цябе ніхто не штурхне ў плячо, няма мітусні. Зялёны горад. У выходныя, калі было цёпла, хадзілі з жонкай і дзіцем на плошчу Перамогі: там вельмі прыгожыя фантаны. Шпацыравалі па маляўнічай набярэжнай Дзвіны.

Неаднаразовыя напады Яўсеева на фотарэпарцёраў ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2010 года захаваныя, аднак пакарання за перавышэнне службовых паўнамоцтваў так і не было. Фота «Наша Ніва»

А на днях ездзіў у Расоны і адпачываў, гледзячы на прыроду. Такі лес! Нават папрасіў кіроўцу спыніцца, каб выйсці хвілін на 20 і проста падыхаць свежым паветрам. Падабаецца Браслаўшчына - на пад'ездзе справа і злева азёры.

У Чашніках адпачываў у полі, калі глядзеў, як камбайны працуюць. Прама вярнуўся ў дзяцінства, калі працаваў на збожжатоку.

Імкнуся надаваць час спорту - не менш за два разы на тыдзень хадзіць у спартзалу і займацца з трэнерам. Я лічу, што супрацоўнік міліцыі павінен быць фізічна развіты і падцягнуты. А яшчэ паголены, акуратна падстрыжаны, у наваксаваных туфлях і з добрай парфумай.

- І, напрыканцы, Ігар Уладзіміравіч, як лічыце: міліцыянт - гэта лад жыцця ці ўсё ж такі прафесія?

- Пытанне складанае. Для мяне - гэта лад жыцця. Я ў многіх структурах праходзіў службу, і ўсё-такі я міліцыянт. Вялікую частку часу праводжу тут. Сыходжу з працы апошнім, асабліва калі праходзяць пэўныя мерапрыемствы. Як павінен сыходзіць апошнім капітан з падводнай лодкі.

Напісаць каментар 168

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках