Нямецкія інвестары не вераць у рост беларускай эканомікі
3- 2.10.2012, 10:00
Масавага патоку новых інвестараў з Германіі чакаць не варта.
6-му Дню нямецкай эканомікі ў Беларусі, які пройдзе 10 кастрычніка ў Менску, папярэднічала сустрэча арганізатараў з прэсай. Як высветлілася, асаблівага аптымізму нямецкі бок ужо не адчувае пры правядзенні падобных мерапрыемстваў. Акрамя асабліва эканамічных прычын, застаюцца і палітычныя, піша camarade.biz.
- Гэтая ісціна не новая - да 50% эканамічных паводзін чалавека тлумачыцца псіхалагічнымі фактарамі. І ў гэтым комплексе фактараў, якія ўплываюць на нашыя эканамічныя паводзіны, палітыка, рашэнні, што прымаюцца на палітычным узроўні, гуляюць зусім не апошнюю ролю, - заявіў саветнік-пасланнік амбасады Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар. - І мы можам цалкам аб'ектыўна канстатаваць, што паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Звязам ёсць шэраг пытанняў, якія выклікаюць не самую станоўчую рэакцыю. І пакуль гэтыя рознагалоссі, якія часам даходзяць да стану «болевых кропак», працягваюць існаваць - для нашага сярэдняга класа, нашага сярэдняга бізнесу гэта будзе адмоўным фактарам пры вырашэнні аб інвестыцыях і супрацоўніцтве. Бізнес у такім выпадку хутчэй за ўсё пачакае таго, як будуць вырашаны існуючыя супярэчнасці паміж беларускай дзяржавай і Еўразвязам. Чым менш такіх супярэчнасцей, тым вышэй цікавасць нямецкіх кампаній да вашай краіны.
Што тычыцца менавіта эканомікі, то тут таксама ўсё не вельмі радасна.
- Мы не зусім задаволены тым тэмпам, з якім праходзіць макраэканамічная лібералізацыя, - сказаў старшыня праўлення Нямецка-беларускага эканамічнага клуба Клаўс Баер. - Нашы чаканні, якія склаліся пасля прыняцця Дырэктывы № 4 і іншых спадарожных дакументаў, былі значна вышэй, чым той узровень, які мы бачым на сённяшні дзень. Праблемы, якія нас хвалююць і якія мы крытыкуем, застаюцца ранейшымі: недастатковая стабільнасць прававых адносін, арсенал патрабаванняў да выканання кантрактаў, празмерны ўзровень бюракратыі, складанасць падатковай сістэмы і гэтак далей. З прагнозамі мы сталі асцярожней. Ва ўсякім выпадку, мы лічым, што ў агляднай будучыні ў Беларусі не адбудзецца кардынальных паляпшэнняў для працы замежных прыватных кампаній у Беларусі.
Тэма маючага адбыцца Дня нямецкай эканомікі - «Малы і сярэдні бізнес - выклікі і шанцы для беларускай эканомікі». Як адзначыў Петэр Дэтмар, за трохгадовае знаходжанне ў Беларусі ён штодня чуе аб малым і сярэднім бізнэсе ў Беларусі, але вымушаны канстатаваць, што за гэтыя тры гады Беларусь не прасунулася па шляху развіцця эканомікі, арыентаванай на малы і сярэдні бізнэс. Між тым, па словах Дэтмара, у Германіі, якая ўваходзіць у галоўную лігу гульцоў сусветнай эканомікі, 95% усіх прадпрыемстваў адносяцца менавіта да малога і сярэдняга бізнэсу.