9 чэрвеня 2026, aўторак, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот трэба працягваць

95
Байкот трэба працягваць

Больш за 2000 незалежных назіральнікаў па ўсёй краіне зафіксавалі: выбараў у Беларусі не было!

Паводле сумарных дадзеных назірання, у Мінску прынялі ўдзел у галасаванні толькі 34% выбаршчыкаў, а ва ўсіх гарадах сярэдняя яўка склала 43 %.

Прычынай такога разыходжання з афіцыйнымі вынікамі «выбараў» (55% у Мінску і 75% у Беларусі), сталі фальсіфікацыі пратаколаў выбарчых камісіяў з завышэннем яўкі амаль удвая і адсутнасць празрыстага падліку галасоў на ўсіх участках.

Але не толькі назіральнікі фіксавалі адсутнасць яўкі. Кожны, хто прыходзіў на выбарчыя ўчасткі, бачыў, што яны былі пустыя. Зараз мы ўсе дакладна ведаем, што ўлады сфальсіфікавалі вынікі «выбараў».

Байкотам фальшывых «выбараў» людзі прадэманстравалі ўладзе і ўсяму свету: беларусы не быдлячы статак, які можна ганяць туды, куды захоча дыктатар і ягоныя служкі.

Падчас кампаніі байкоту склалася дзеяздольная кааліцыя ў складзе Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, «Беларускага руху», «Маладога фронту», грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Рады беларускай інтэлігенцыі і прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці. Пасля байкоту фальшывых «выбараў» мы пераканаліся: сёння прыхільнікаў пераменаў - большасць!

Байкот «парламенцкіх выбараў» атрымаўся таму, што заклікі да байкоту з боку рэальнай апазыцыі супалі з настроямі большасці беларускіх гараджанаў, якія ўжо не давяраюць дыктатарскай ўладзе. Але сам па сабе байкот «выбараў» не ў стане змяніць гэтую ўладу, якая будзе чапляцца за свае прывілеі і грошы з апошніх сілаў.

Каб змяніць дыктатарскую хунту на абраную народам уладу, трэба працягваць кампанію байкоту дыктатарскага рэжыму і ўсіх яго інстытутаў. І пачаць трэба з дзяржаўнай прэсы, якая хлусіць, і з дзяржаўных прафсаюзаў, якія дапамагаюць уладзе рабаваць людзей.

Байкот дзяржаўных СМІ

Сёння, паводле незалежных сацыялагічных службаў, давяраюць дзяржаўным СМІ толькі 28% грамадзянаў Беларусі, а незалежным СМІ – 32% беларусаў.

Пры гэтым, глядзяць беларускае тэлебачанне (БТ, ОНТ, СТВ і іншыя каналы) 64%, а БелСАТ – 2% беларусаў.

Слухаюць беларускае дзяржаўнае радыё 39%, а незалежнае радыё («Радыё Рацыя», «Еўрарадыё», «Радыё Свабода», «Нямецкая хваля», «Польскае радыё», «Бі-Бі-Сі» і «Голас Амерыкі») – 8%.

Падпісваюцца на тры цэнтральныя дзяржаўныя газэты («Советская Белоруссия», «Рэспубліка» і «Звязда») 7% беларускіх грамадзянаў, а на чатыры галоўныя недзяржаўныя выданні («Народная воля», «Наша Ніва», «Свободные новости», «Белорусы и рынок») - 1%.

І толькі ў інтэрнэце незалежныя сайты маюць выразную перавагу над дзяржаўнымі. Так сайты charter97.org, «Белорусский партизан», «Беларускія навіны», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Салідарнасць», БелаПАН, «Народная воля», «Еўрарадыё» і АФН супольна маюць штодзённую аўдыторыю 3% беларусаў, а дзяржаўныя сайты (БелТА, «СБ», СТВ) толькі 0,7%.

Кампанія байкоту дзяржаўных СМІ павінна заключацца ў адмове ад падпіскі на дзяржаўныя СМІ і ў рэкламе незалежных СМІ. Гэтай працай павінен заняцца кожны прыхільнік дэмакратычных зменаў. Калі да канца 2013 году колькасць гледачоў, слухачоў і чытачоў дзяржаўных СМІ скароціцца ў тры разы, а аўдыторыя незалежных СМІ у тры разы павялічыцца, гэта будзе значыць, што байкот адбыўся.

Байкот дзяржаўных прафсаюзаў

Сёння, паводле незалежных сацыялагічных службаў, давяраюць дзяржаўным прафсаюзам 27% працаздольных беларусаў, а свободным и незалежным прафсаюзам – 34%. I гэта пры тым, што ў дзяржаўных прафсаюзах фармальна знаходзіцца 43% дарослага насельніцтва, а ў свабодных і незалежных - толькі 4%.

Каля паловы – 46% - грамадзянаў, што лічацца ў дзяржаўных прафсаюзах, даюць адмоўную адзнаку іх дзейнасці. Нашмат лепей ацэньваюць працу сваіх структураў і лідэраў сябры свабодных і незалежных прафсаюзаў. Большасць – 86% - даюць станоўчую адзнаку іх дзейнасці. І толькі 7% - негатыўную.

У канцы мінулага году пачаўся стыхійны выхад работнікаў з дзяржаўных прафсаюзаў у розных рэгіёнах краіны. Так, на РУУП «Граніт» у Мікашэвічах з дзяржаўнага прафсаюза выйшлі 600 чалавек, а 200 работнікаў падалі заявы на уваход у незалежны прафсаюз. 150 работнікаў выйшлі з дзяржаўнага прафсаюзу на «Пінскдрэве».

Прычыны выхаду называліся розныя - ад нізкага заробку да абразлівых і зневажальных паводзінаў начальства. Трэцяя прычына называлася ўпершыню. Работнікі кажуць, што дзяржаўныя прафсаюзы не толькі не абараняюць іх інтарэсы, але ўдзельнічаюць у штодзённым прыніжэньні і ціску на іх.

Кампанія байкоту дзяржаўных прафсаюзаў павінна заключацца ў іх масавай крытыцы, а таксама ў рэкламе свабодных і незалежных прафсаюзаў. Гэтай працай павінны заняцца не толькі сённяшнія сябры свабодных і незалежных прафсаюзаў, але ўсе прыхільнікі дэмакратычных зьменаў у Беларусі.

Калі да канца 2013 года 1,5 міліёнаў членаў дзяржаўных прафсаюзаў (што даюць адмоўную адзнаку іх дзейнасці) выйдуць з гэтых прафсаюзаў, а палова з іх далучыцца да свабодных і незалежных прафсаюзаў, можна будзе лічыць, што гэты этап байкоту рэжыму атрымаўся.

Далей, у 2014 годзе, можна будзе прыступіць да байкоту фінансавых інстытутаў і фінансавых крыніцаў рэжыму, але падыйсці да гэтага мы здолеем толькі пасля таго, як адбудзецца кампанія байкоту дзяржаўных СМІ і прафсаюзаў.

Віктар Івашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках