На скаргу каардынатара БХД адказалі адпіскай
1- 22.10.2012, 13:45
Бабруйская міліцыя адмовілася расследаваць скаргу Таісіі Кабанчук.
У дзень «выбараў» 23 верасня на бабруйскім гарадскім партале невядомыя размясцілі яе тэлефон і інфармацыю, што яна прадае аўтамабіль «Жыгулі» за 200 даляраў і здае двухпакаёвую кватэру за 70 даляраў у месяц. У выніку, на тэлефон каардынатара па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» па Магілёўскай вобласці абрынуўся шквал званкоў. Толькі за 23 верасня Таісія Кабанчук налічыла 280 званкоў. Звароты да адміністрацыі сайта з просьбай убраць аб'яву вынікаў не далі, паведамляе bchd.info.
У сваім адказе начальнік аддзела міліцыі С.Барадаўка, за якога падпісаўся С.Маркевіч, заяўляе, што па звароту Таісіі Кабанчук была праведзена праверка, аднак ўстанавіць асобу чалавека, які размясціў аб'явы, не ўдалося. У сувязі з гэтым адміністрацыйная справа па гэтым пытанні была закрытая. У міліцыі адзначылі, што ніякіх парушэнняў у дачыненні да Таісіі Кабанчук у сувязі з гэтай аб'явай здзейснена не было. Міліцыянты таксама паведамілі, што на момант праверкі яна было знята з сайта.
«Гэта звычайная адпіска, якую рэгулярна атрымліваюць усе дэмакратычныя актывісты. Міліцыя ніколі не робіць праверак, толькі адпісваецца. І заява, што аб'явы на сайце няма, - гэта відавочны падман, таму што мне да гэтага часу працягваюць тэлефанаваць людзі, якія кажуць, што толькі што бачылі яе. Безумоўна, я буду пісаць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі і патрабаваць далейшага расследавання», - адзначыла Таісія Кабанчук.