З-за халатнасці адміністрацыі пакутуюць рабочыя
8- 23.10.2012, 15:57
На ААТ «Бярозабуд» за апошні год з 400 работнікаў прадпрыемства засталося 170.
Астатнім, па словах кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Івана Тарасевіча, быў не падоўжаныя працоўныя кантракты, піша ПЦ "Вясна".
Работнікі прадпрыемства абвінавачваюць у гэтым кіраўніцтва ААТ «Бярозабуд», якое на іх думку, не здолела своечасова рэарганізаваць прадпрыемства, хоць для гэтага былі ўсе магчымасці. Па словах рабочых, ужо прададзены арматурны цэх - сэрца «Бярозабуд», перададзена ў арэнду піларама, якую маглі б самі выкарыстоўваць. Зараз шукаюць пакупніка на астатняе. Рабочыя абвінавачваюць у давядзенні да стану стратнасці прадпрыемства няздольных кіраўнікоў.
Работнікі лічаць, што адміністрацыя не шукае дадатковых аб'ёмаў вытворчасці. Вось набылі 2 новых «МАЗа», 2 экскаватара, але не шукаюць людзей, арганізацыі, каб даваць тэхніку на карыстанне і зарабляць на гэтым грошы.
Па словах намесніка дырэктара «Бярозабуд» Віктара Юркевіча, адсутнічаюць аб'ёмы, фінансаванне, трэба выплочваць крэдыты за тэхніку і зарплату, а адсоткі высокія.
У тых работнікаў, якія засталіся, таксама хутка сканчаюцца кантракты, а што будзе з людзьмі - невядома, хоць шмат каму да пенсіі засталося 3-5 гадоў.
Таму і маюць рабочыя намер звярнуцца ў Камітэт дзяржкантролю і кіраванне Следчага камітэта, каб атрымаць больш інфармацыі пра тое, што робіцца на прадпрыемстве, якому аддалі па 20-30 гадоў працоўнага стажу.