Фільм «У тумане» пакажуць у Менску
2- 23.10.2012, 17:16
Фільм па аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава, які пабываў на мностве міжнародных кінафестываляў, упершыню будзе паказаны ў Менску.
У менскім Доме кіно 7 лістапада адбудзецца паказ фільма «У тумане» з удзелам рэжысёра Сяргея Лазніцы, пра што паведаміў 23 кастрычніка на прэс-канферэнцыі дырэктар праграмы гульнявога кіно ММКФ «Лістапад» і конкурсу фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лiстападзiк» Ігар Сукманаў.
Як пішуць «Белорусские новости», фільм «У тумане» (Германія - Расея - Латвія - Беларусь - Нідэрланды, 2012 г., 127 мін.), сусветная прэм'ера якога адбылася гэтай вясной на Канскім кінафестывалі, удзельнічае ў асноўнай конкурснай праграме менскага кінафестывалю. Таксама ён будзе паказаны пасля ўрачыстай цэрымоніі адкрыцця ММКФ «Лістапад».
«Гэты фільм, пра які беларусы ўжо чулі, - тая карціна конкурснай праграмы фестывалю, у якой ёсць беларускі след. Як вядома, кіно знята па аднайменнай аповесці беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Яшчэ адной карцінай, у стварэнні якой прыняла ўдзел наша краіна, - гэта фільм «Апавяданні» рэжысёра Міхаіла Сегала. Адну з галоўных роляў у ім выканала акторка Купалаўскага тэатра Тамара Міронава», - адзначыў Сукманаў.
Менская публіка ўжо знаёмая з рэжысёрам Сяргеем Лазніцай па фільме «Шчасце маё», які заваяваў Гран-пры на фестывалі «Лістапад» у 2010 годзе.
Упершыню ў гісторыі фестываля фільм адкрыцця «У тумане» будзе паказаны адначасова ў двух кіназалах сталіцы - у кінатэатры «Кастрычнік» і Малой зале Палаца Рэспублікі. У рамках фестывалю будзе працаваць шэсць пляцовак для паказаў: кінатэатры «Цэнтральны», «Перамога», «Піянер», «Мір», Дом кіно, Малая зала Палаца Рэспублікі. Кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў беларускай сталіцы ў дзевятнаццаты раз з 2 па 9 лістапада.