9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кантроль над міліцыяй узмацняецца

133
Кантроль над міліцыяй узмацняецца

Цяперашні і былы кіраўнікі МУС заявілі аб правядзенні «афіцэрскіх сходаў».

«Сёння, упершыню за 100 гадоў, беларуская міліцыя праводзіць першы афіцэрскі сход. Мы маем намер адрадзіць традыцыю правядзення афіцэрскіх сходаў беларускай міліцыі», - заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч ў сераду журналістам у Менску, перадае «Інтэрфакс».

Кіраўнік міліцэйскага ведамства паведаміў, што на першы афіцэрскі сход прыбылі дэлегаты «усіх падраздзяленняў органаў унутраных спраў Беларусі, гэта найбольш падрыхтаваныя, добрасумленныя і адказныя афіцэры».

Міністр адзначыў, што практыка правядзення афіцэрскіх сходаў будзе працягнута і ў будучыні, гэтыя мерапрыемствы будуць садзейнічаць «самаачышчэнню, паляпшэнню якасці жыцця, становішча афіцэра».

«Трэба адрадзіць лепшыя традыцыі СССР, калі ў міліцыю ішлі лепшыя, калі для паступлення на службу ў міліцыю давалі рэкамендацыі», - заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў.

Гаворачы аб мэтах самога мерапрыемства, ён сказаў: «Трэба выразна, жорстка разумець, што афіцэрскі сход ствараецца для таго, каб, у першую чаргу, абараняць гонар і годнасць афіцэра».

На афіцэрскім сходзе таксама прысутнічаюць протаіерэй Фёдар Поўны, былы міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў.

«Якога-небудзь юрыдычнага статусу гэтыя сходы афіцэраў не маюць. Магчыма, у выніку будзе ўзмоцнены кантроль над асабістым складам. Хоць наогул усё гэта здаецца на першы погляд звычайным фармалізмам, таму што на самой справе даўно трэба праводзіць рэформу міліцыі. Нічога не палепшыцца, пакуль не зменіцца палітычная сістэма. Міліцыя пры Лукашэнке - гэта інструмент палітычнага вышуку і ўсё», - пракаментаваў charter97.org сённяшнія мерапрыемствы ў МУС праваабаронца, былы следчы пракуратуры Алег Волчак.

Нагадаем, што і цяперашні і былы кіраўнікі МУС датычныя да катаванняў палітычных зняволеных. У момант разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і масавых арыштаў лідэраў і актывістаў апазіцыі 19 снежня 2010 года МУС кіраваў Анатоль Куляшоў. Ігар Шуневіч у гэты час працаваў у КДБ і асабіста дапытваў у турме фігурантаў узбуджанай па факце правядзення акцыі пратэсту крымінальнай справы.

Напісаць каментар 133

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках