У гадавіну «Норд-Оста» школьнік паведаміў аб захопе менскай школы
17- 25.10.2012, 11:12
Настаўнікі і супрацоўнікі МУС высвятляюць, што прымусіла 12-гадовага менскага школьніка патэлефанаваць у міліцыю і паведаміць аб захопе школы.
«У мінулую сераду па спецлініі «102» з таксафона, размешчанага ў СШ па вул. Гашкевіча ў Менску, патэлефанаваў невядомы падлетак і паведаміў, што школа захоплена», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер у ГУУС Менска.
«Супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага РУУС устаноўлена, што тэлефанаваў 12-гадовы вучань школы, які пасля разбору перададзены бацькам», - паведамілі ў ГУУС.
24 кастрычніка 2002 года ў Маскве, у тэатральным цэнтры на Дуброўцы, падчас мюзікла «Норд-Ост», тэрарысты захапілі амаль тысячу заложнікаў, якіх трымалі каля трох сутак.
У заложніках апынулася 916 чалавек, пяцёра з іх былі расстраляныя тэрарыстамі, яшчэ 125 загінулі падчас штурму і аперацыі па выратаванні, больш за 700 пацярпелі. 40 тэрарыстаў, якія знаходзіліся ў тэатральным цэнтры, былі знішчаны (з іх 21 мужчына і 19 жанчын).