Эколагі патрабуюць адмяніць пастанову Саўміна
7- 25.10.2012, 12:04
Наступствы пастановы Савета міністраў нясуць у сабе пагрозу экалагічнай бяспекі Беларусі.
Гаворка ідзе пра пастанову «Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый», піша «Ежедневник».
Таварыства «Зялёная сетка», ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў», ГА «Экадом» увайшлі ў аргкамітэт кампаніі за захаванне балот і заклікаюць усю беларускую грамадскасць далучыцца да падпісання адкрытага звароту, які адрасаваны прэм'ер-міністру Міхаілу Мясніковічу, кіраўніку справамі прэзідэнта РБ Мікалаю Корбуту, міністру энергетыкі Аляксандру Азярцу, міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміру Цалко.
«Мы заклікаем да адмены пастановы Савета Міністраў № 794 «Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый» ад 17 чэрвеня 2011 года» - гаворыцца ў звароце.
Наступствы гэтай пастановы, на думку грамадскасці, нясуць у сабе пагрозу экалагічнай бяспекі нашай краіны і Еўразійскага кантынента ў цэлым. Пад дзеянне пастановы трапляюць восем асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі.
У 2011 годзе Форум грамадскіх экалагічных арганізацый ужо адзначыў антыдыпломам акадэміка І.І. Ліштвана «за распрацоўку і актыўнае лабіраванне маштабнай праграмы па асушэнню беларускіх балот». Праграма акадэміка прадугледжвае шырокамаштабнае асушэнне натуральных балот для павелічэння здабычы торфу.
Грамадская кампанія за захаванне балот стартуе 25 кастрычніка, паведамляе «Зялёная сетка».