Прадажныя суддзі пайшлі на павышэнне
10- 3.10.2012, 9:32
Дзве суддзі, добра знаёмыя «палітычным», атрымалі павышэнне.
Рыта Шаграй прызначаная намеснікам старшыні суда Партызанскага раёна Менска. Яна судзіла людзей за Плошчу, пазней вяла працэс над Алесем Яўдахам, распаўсюднікам беларускіх кніг, і прыняла гістарычнае рашэнне аб спаленні кнігі «Маладафронтаўцы», піша «Народная воля».
Суддзя Алена Ананіч таксама мела дачыненне да спаленых кніг. Яна вяла працэс Мікалая Чаргінца супраць блогера Яўгена Ліпковіча, які ў Севастопальскім парку спаліў «Таямніцу Авальнага кабінета». І Чаргінец пакрыўдзіўся...
Зрэшты, не меншы рэзананс мела гісторыя пенсіянера Уладзіміра Марозава, якога спецназавец ледзь не задушыў падчас разгону «маўклівай акцыі» каля Нацыянальнай бібліятэкі. Суддзя Ананіч вырашыла, што ніякага крыміналу тут няма, справу заводзіць не варта.
Ну і справы па Плошчы, вядома... Цяпер Алена Ананіч прызначаная намеснікам старшыні суда Першамайскага раёна Менска.
Зрэшты, чарговы ўказ аб кадравых перастановах ў судовай сістэме зноў дэманструе, што вялікая колькасць суддзяў пачалі пакідаць свае пасады не ў сувязі з выхадам у адстаўку, а па ўласным жаданні. На гэты раз такіх палова сярод усіх звольненых.
Праўда, не хацелася б, каб для незалежных СМІ стала сімвалічным звальненне па ўласным жаданні суддзі Вышэйшага гаспадарчага суда Алены Маёравай: менавіта яна прымала рашэнне аб спыненні судовай вытворчасці, калі Міністэрства інфармацыі спрабавала летам мінулага года зачыніць «Народную волю». У апошні момант Мінінфарм адклікаў свой пазоў, і суддзя не магла прыняць іншага рашэння. Але мы бачылі, што Алена Маёрава радуецца такому павароту падзей разам з намі.
Не будзем дадумваць матывацыі, але па ўласным жаданні судовую сістэму пакідае «крыўдзіцель» праваабаронцы Алега Волчака, суддзя Савецкага раённага суда Менска Сяргей Сікліцкі. У свой час менавіта суддзя Сікліцкі палічыў, што Волчак быў ініцыятарам бойкі, прычым для гэтага спатрэбілася адхіліць усе пяць хадайніцтваў праваабаронцы: хадайніцтва аб правядзенні следчага эксперыменту, аб выкліку ў якасці сведкі эксперта, аб адводзе суддзі, аб дадатковай экспертызе. Алег Волчак заявіў пра недавер да суддзі і будзе абскарджваць яго рашэнне ў вышэйшай судовай інстанцыі.
А вось звальненне па ўласным жаданні старшыні Гродзенскага раённага суда Ігара Лойшы наводзіць на разважанні. Па-першае, менавіта цяпер у гэтым маленькім судзе слухаецца гучная справа аб бандзе беларускіх налётчыкаў, якія рабавалі нямецкія банкі. Чаму справу, якая мае міжнародны рэзананс «схавалі» далей ад журналісцкіх вачэй - пытанне адкрытае.
Па-другое, менавіта гэты суд вынес прысуд па нашумелай «справе Лінкуса» і асудзіў былога намесніка начальніка Фрунзенскага РУУС Менска і на працягу кароткага часу - начальніка Дэпартамента аховы Гродзенскага абласнога РУУС да чатырох гадоў пазбаўлення волі за збіццё падначаленага. Відавочна, што ў Лінкуса знайшліся высокапастаўленыя заступнікі, таму што нават пасля вынясення прысуду яго не ўзялі пад варту, а далі магчымасць пісаць касацыі з дома. У канчатковым выніку так і незразумела, ці даехаў Лінкус да калоніі.