На «Камароўцы» прадавалі радыёактыўныя грыбы
6- 3.10.2012, 10:25
У верасні на Камароўскім рынку забракавалі 14 спроб грыбоў.
Лабараторыя ветэрынарна-санітарнай экспертызы Камароўскага рынку ў верасні выявіла 14 спроб недабраякасных грыбоў, у якіх быў павышаны ўзровень радыенуклідаў.
Сярод грыбоў, якія назапасілі радыяцыю, апынуліся маслята і курачкі. Але больш за ўсё нараканняў - па баравіках. Павышаны ўзровень цэзію-137 у сушоных і свежых белых грыбах быў знойдзены ў 9 выпадках. Да прылаўка такая прадукцыя, натуральна, не дайшла. Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Менск-Навіны» паведаміла загадчыца лабараторыі Кацярына Дубікоўская.
Паводле слоў спецыяліста, у верасні на Камароўскім рынку гандлявалі лісічкамі, баравікамі, чырвонагаловікамі, падбярозавікамі і апенькамі. Гэтую прадукцыю ў сталіцу везлі са Смаргонскага, Стаўбцоўскага, Дзяржынскага, Старадарожскага, Менскага, Пухавіцкага, Баранавіцкага, Уздзенскага і Шаркаўскага раёнаў рэспублікі.
- Зараз грыбы на праверку паступаюць ужо не так часта, як у пачатку верасня. Сезон на гэты тавар заканчваецца, - адзначыла Дубікоўская. - Напрыклад, 30 верасня нашы спецыялісты даследавалі 22 партыі грыбоў і 24 - ягад. Прычым, не ўся прадукцыя была для продажу. Некаторыя заказчыкі правяралі грыбы для ўласнага стала. Што тычыцца 29 верасня, то ў гэты дзень мы прааналізавалі 61 партыю ягад і 75 - грыбоў.
Пераважная колькасць спроб дзікарослай прадукцыі адпавядаюць нарматывам па радыялогіі.