Чаргінец абураецца: у Менск едзе Джыгурда
87- 3.10.2012, 13:39
На 26 кастрычніка ў менскім клубе «Мулен Руж» запланаваны канцэрт расейскага акцёра, сцэнарыста, рэжысёра, выканаўцы песень, а цяпер яшчэ і паэта Мікіты Джыгурды.
На канцэрце самародак (па-іншаму чалавека з такой колькасцю талентаў і не назваць), паведамляе рэсурс Naviny.by, мае намер у тым ліку прэзентаваць і зборнік вершаў «Вертыкаль рускага мата. Батарэйка Бога», які нядаўна выйшаў у свет.
Будучы ў Менску канцэрт Джыгурды, на якім магчымая нецэнзурная лаянка, і прэзентацыя кнігі, якая змяшчае мацюкальныя словы, ужо падвергліся жорсткай крытыцы з боку Грамадскага савета па маральнасці Беларусі. Яго старшыня Мікалай Чаргінец заявіў: «Такія канцэрты арганізоўваюць людзі, якія самі маральна недасканалыя ў сваёй душы. Ім да лямпачкі, што такое маральныя асновы грамадства. Ім толькі б здабыць грошы. Калі там лаюцца матам, то якая ж гэта культура! А нам гэта падаюць як культурнае мерапрыемства».
- І як жа змагацца з падобным?
— Прызначаць адказных людзей, якія будуць рабіць мастацтва сапраўдным, а не таннай нажывай.
- Савет выступіць супраць адмены канцэрту Джыгурды?
- Не ведаю, калі члены савета ўнясуць такую прапанову, то збярэмся, абмяркуем такую магчымасць. Але паўтару сваё асабістае меркаванне: тыя, хто прывозяць такія канцэрты, яшчэ горш за тыя, хто на іх выступае.