29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Шлындзікаў: Купляць прадпрыемствы ў Беларусі небяспечна

9
Васіль Шлындзікаў: Купляць прадпрыемствы ў Беларусі небяспечна

У Беларусі прызнаны страціўшым сілу план прыватызацыі аб'ектаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, на 2011-2013 гады.

Рашэнне аб гэтым прынята пастановай Савета Міністраў № 900 ад 1 кастрычніка 2012 года. Пра тое, як у Беларусі будзе праходзіць прыватызацыя, Euramost.org распавёў былы генеральны дырэктар буйнога беларускага прадпрыемства «Амкадор» Васіль Шлындзікаў.

Пастановай № 900 План пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы на 2011-2013 гады выкладзены ў новай рэдакцыі. У пераліку знаходзіцца 128 прадпрыемстваў, якія пераўтвораны ў ААТ у 2011-м і 2012 годзе, а таксама тыя, якія яшчэ трэба будзе акцыянаваць. Сярод буйных РУП, якія стаяць у плане на акцыянаванне, - «Гомсельмаш», «Менскі трактарны завод», «Менскі электратэхнічны завод ім. У.І. Казлова». Гэтыя прадпрыемствы плануецца пераўтварыць у ААТ у 2013 годзе.

Каментуючы гэтую пастанову, у Дзяржкаммаёмасці адзначылі, што, такім чынам, у Беларусі ўжо няма плану прыватызацыі і пералікаў прадаваных прадпрыемстваў, можна прыватызаваць любое прадпрыемства, калі ёсць інвестар, вызначаны кошт аб'екта. У цяперашні час рыхтуюцца праекты распараджэнняў па продажу акцый некаторых прадпрыемстваў на аўкцыёнах і конкурсах. Да канца гэтага года шэраг аб'ектаў плануецца выставіць на продаж.

- Не ўпэўнены, што ў Беларусі працэс прыватызацыі будзе праходзіць дынамічна, - адзначае Васіль Шлындзікаў. - На мой погляд, сітуацыя такая, што зачаткавы беларускі бізнэс бачыць недарэчнасць гэтай прыватызацыі. Мы назіраем тэндэнцыі, калі прыватызаваныя паспяховыя прадпрыемствы, а затым дзяржава іх зноў імкнецца нацыяналізаваць тымі ці іншымі метадамі. Можна прывесці ў прыклад «Керамін», узгадаем страсці вакол «Камунаркі»... Таму ў бізнесменаў няма ўпэўненасці, што гэта не паўторыцца зноў і заўтра. Уласнік разумее, што ў яго ў любы момант могуць адабраць прадпрыемства, якое ён па неасцярожнасці зрабіў паспяховым. Гэта вялікія рызыкі.

- А калі казаць пра замежны бізнэсе?

- Таксама не бачу вялікіх перадумоў, каб замежнікі хацелі нешта прыватызаваць у Беларусі. Акрамя, вядома, вельмі ўжо прынадных кавалкаў. Думаю, што ўсё застанецца на ранейшым узроўні – сяк-так. Так, улады робяць патугі знайсці пакупнікоў, зазываюць інвестараў, але што даюць гэтыя заклікі, калі ёсць практыка? Ужо адно тое, што эканоміка кіруецца ўручную (рознымі ўказамі, якія супярэчаць законам і Канстытуцыі), кажа пра тое, што вельмі небяспечна набываць у Беларусі нейкія аб'екты ў цяперашніх умовах. Паўтаруся - гэта вельмі вялікія рызыкі! І гэта ўсе разумеюць.

- Некаторыя выказваюць меркаванне, што самі дзяржаўныя чыноўнікі могуць паўдзельнічаць у прыватызацыі...

- Паўдзельнічаць яны могуць у чым заўгодна. Вось толькі карысці не будзе ні прадпрыемствам, ні гэтым чыноўнікам. Я асабіста лічу, што ў сваёй большасці беларускія чыноўнікі не здольныя чым-небудзь кіраваць. Людзей набіраюць па прынцыпе асабістай адданасці, па знаёмстве і гэтак далей. Што яны могуць? А той, хто зможа прыняць удзел у прыватызацыі пад «дахам» улад, купяць, а затым, напэўна, перапрададуць. Калі змогуць. Але, думаю, і гэта маларэальна. Я бачу прыклады нашых так званых алігархаў. Многія сканчаюць дрэнна.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках