29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слова не толькі неўміручае, але і свабоднае

45
Слова не толькі неўміручае, але і свабоднае

Беларуская журналістка Ірына Халіп узнагароджаная прэміяй імя Хермана Кестэна.

Прэмія заснавана нямецкім ПЭН-цэнтрам. Карэспандэнтка расейскай «Новай газеты» ў Менску і жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і былога палітвязня Андрэя Саннікава не змагла прыехаць на ўручэнне, паколькі адбывае тэрмін у выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

На цырымоніі ўзнагароджання ў Дармштадце прэзідэнт нямецкага ПЭН-цэнтра Йохана Штрасер (Johano Strasser) назваў Ірыну Халіп «мужным змагаром за правы чалавека». Паводле яго слоў, прысуджэнне прэміі журналістцы - гэта «сігнал беларускай дэмакратычнай апазіцыі аб тым, што яна не забытая, што ўсюды на Зямлі ёсць людзі, якія падзяляюць яе каштоўнасці і падтрымліваюць яе барацьбу».

Ірына Халіп змагла выступіць на цырымоніі - яна зачытала зварот па «скайпе». Сайт charter97.org прыводзіць поўны тэкст звароту журналісткі:

«Спадары і спадарыні! Дарагія сябры!

Гэтая прэмія - асаблівы гонар для мяне, паколькі прысуджана ПЭН-цэнтрам і носіць імя Хермана Кестэна, выбітнага літаратара і гуманіста, былога прэзідэнта нямецкага ПЭН-цэнтра. А яшчэ - таму што яе лаўрэатамі былі Гаральд Пінтэр, Лю Сяабо і мая калега Ганна Паліткоўская, «Мемориал» і «Журналист в опасности».

Вядома, мне б вельмі хацелася падзякаваць вас асабіста, знаходзячыся сёння тут, у Дармштадце. На жаль, я не маю такой магчымасці: у мінулым годзе пасля 5 месяцаў арышту мяне прысудзілі да 2 гадоў турмы з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады, і цяпер - да заканчэння адтэрміноўкі - я не магу выехаць з Беларусі. Зрэшты, на гэтай цырымоніі, як я разумею, пустое крэсла замест лаўрэата - гэта ўжо традыцыя. І я не першая, каму не ўдалося сказаць прамову, стоячы на сцэне Дармштадскага тэатра. На жаль, магчыма, і не апошняя.

Я заўсёды любіла кнігу і верыла, што кніжныя ідэалы не раствараюцца ў рэальным свеце, якім бы жорсткім ён ні быў. Я да гэтага часу працягваю верыць, што чалавек, які прачытаў у юным узросце «Крошку Цахеса», проста збаіцца стаць падобным на галоўнага героя. Мабыць, дыктатары Гофмана не чыталі. Як не чыталі ні Свіфта, ні Оруэла, ні Ванегута. Часам я ўвогуле сумняюся ў тым, што яны чыталі хоць бы што-небудзь. Таму што нармальны чалавек, які навучыўся складаць літары ў словы, а словы - у сказы, абавязкова павінен зацікавіцца тым, што з гэтых слоў ужо склалі іншыя. І пачаць чытаць. У тым ліку і «Крошку Цахеса». А ўздзеянне чытання незваротна. Прачытаўшы «Доктора Фаустуса», ты ніколі не будзеш ранейшым.

Зрэшты, пісьменнікам не варта шкадаваць пра тое, што неадукаваныя людзі, якія не прачыталі іх кніг, становяцца дыктатарамі. Але пісьменнікі павінны ведаць, што іх слова трэба ахвярам дыктатараў, вязням, кінутым дыктатарамі ў турмы. Паверце, нішто так не дапамагае ў турме, як кніга. Менавіта кніга, а зусім не думкі пра родных: пра іх думаць балюча, і думкі пра сям'ю спрабуеш заблакаваць. А пісьменнік табе не сваяк, але чалавек блізкі. Ён можа апынуцца побач у патрэбны момант і дапамагчы.

Калі ў турме КДБ мне пагражалі, што я выйду на волю праз 15 гадоў, якія мой сын правядзе ў сіроцкім прытулку, таму што мужу пагражае тая ж доля, што і мне, я ўспамінала кнігі Аляксандра Салжаніцына, Варлама Шаламава, Анатоля Рыбакова, якія прайшлі праз савецкія лагеры. І разумела: нічога з тых часоў у маёй краіне, якая развіталася з руінамі Савецкага Саюза 20 гадоў таму, не змянілася. А гэта значыць, што ўсе іх метады мне даўно вядомыя: я пра гэта ўжо чытала. І мне лягчэй, чым маім турэмшчыкам: я, у адрозненне ад іх, чытала кнігі і магу прадбачыць не толькі іх дзеянні, але і рэплікі. А яны прайграюць таму што, не чыталі нічога. І калі гісторыя Беларусі выйдзе з тупіка і зверне на верную дарогу - дарогу ў Еўропу, - усе нашы турэмшчыкі і каты апынуцца ў разгубленасці: яны раптам стануць нямоглымі і бездапаможнымі. Гэтыя людзі не чыталі кніг і не ведаюць, што адбываецца з такімі, як яны, калі змяняецца краіна. Магчыма, потым, ужо ў турэмных камерах, яны таксама - хоць бы ад няма чаго рабіць - пачнуць чытаць. Што ж, лепш позна, чым ніколі.

Я вельмі люблю сваю прафесію. Шмат у чым дзякуючы журналістыцы я лепш разумею каштоўнасць свабоды і мярзоту несвабоды. Дакладнае слова не можа быць несвабодным. Дакладнае слова дорыць надзею нават у безнадзейнай сітуацыі. Дакладнае слова можа выратаваць чалавека, спыніць вайну, знішчыць карупцыю, прымусіць думаць і аналізаваць. Прыдворнае ж слова нічога не варта: яно фальшывае, яно бразгоча і раздражняе, яно выклікае недавер і абвастрае пачуццё гідлівасці. І калі журналіст абмяжоўвае сваю свабоду ў артыкуле, нарысе, расследаванні, ён губляе давер чытача вельмі хутка. Ва ўмовах дыктатуры свабоднае слова становіцца небяспечным для журналіста, але тым больш яго цэняць чытачы. Таму што яны вераць толькі свабоднаму слову. Чытачы заўсёды адчуваюць фальш. Яны даруюць памылкі, але не даруюць хлусні.

Я вельмі люблю сваю краіну - невыносную, жахлівую, якая быццам сышла са старонак самой кашмарнай ў свеце антыўтопіі.

Калі чалавек, які ніколі не бываў у Беларусі, даведаецца, як мы жывем, ён можа ўспрыняць гэта як камедыю. Але ў гэтым фарсе па-сапраўднаму садзяцца ў турмы і гінуць людзі. Мае калегі Вераніка Чаркасава, Алег Бябенін, Васіль Гроднікаў, Зміцер Завадскі былі забітыя. Мае сябры і паплечнікі Зміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч сядзяць у турмах і падвяргаюцца катаванням. Яны як раз людзі разважныя і не хацелі стаць часткай гэтага сатырычнага памфлета, якім з'яўляецца сённяшняя Беларусь. Яны хацелі «жыць не па хлусні», як фармуляваў Салжаніцын. А такіх дыктатура лічыць за лепшае знішчыць або ізаляваць.

У маёй краіне знішчаецца яе ўласная мова, а хто гаворыць на яе мове ўспрымаецца дзяржавай як вораг. У маёй краіне ўведзена крымінальная адказнасць «за бяздзейнасць». У маёй краіне цацачны плюшавы мішка з'яўляецца дзяржаўным злачынцам, і таго, хто асмеліўся яго сфатаграфаваць, саджаюць у турму. У маёй краіне добрую музыку забараняюць і заносяць у чорныя спісы, і любімыя народам музыкі пазбаўленыя магчымасці даваць канцэрты на радзіме. У маёй краіне, уявіце сабе, арыштоўваюць цэлыя спектаклі разам з гледачамі, як гэта было са «Свабодным тэатрам». У маёй краіне журналістаў арыштоўваюць проста за іх словы, таму што слова тымі, хто не чытаў кніг, успрымаецца як зброя. У маёй краіне дзяржаўнай ідэалогіяй стала хлусня. А хлусня на дух не пераносіць свабоду і змагаецца з ёй усімі сродкамі.

Але ў маёй краіне быў Васіль Быкаў і ёсць Рыгор Барадулін. Ёсць шмат іншых імёнаў, якія складаюць славу і сутнасць Беларусі. Але для мяне сёння важныя менавіта гэтыя два вялікіх беларуса: Васіль Быкаў, які знайшоў дакладнае слова для бязлітаснай праўды і пра вайну, і пра сучасную трагедыю, і Рыгор Барадулін, які на мове свабоды сцвярджае багацце і духоўнасць Беларусі.

Слова - неўміруча. Можна кінуць журналістаў у турмы, але і там будуць пісацца артыкулы і кнігі. Можна забіць журналістаў, але словы застануцца. Можна спаліць усе кнігі свету, але тады прафесія мнемона, апісаная Робертам Шэклі, стане рэальнасцю. Слова не толькі неўміруча, але і свабодна.

А свабода - паняцце непадзельнае. Не можа быць свабоды асобы без свабоды выбару, у тым ліку і выбару ўрада. Не можа быць свабоды выбару без свабоды сходаў. Не можа быць свабоды сходаў без свабоды думкі. Але ўсё ж для мяне ў пачатку свабоды ляжыць свабода слова.

Яшчэ раз дзякую вам за гэтую ўзнагароду, якую разглядаю менавіта як падтрымку свабоды слова ў Беларусі».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках