28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звольненыя рабочыя адсудзілі мільён у Полацкага вінзавода

24
Звольненыя рабочыя адсудзілі мільён у Полацкага вінзавода

Суд прызнаў звальненне незаконным і пастанавіў выплаціць рабочым кампенсацыю - каля 500 тысяч кожнаму.

Віктара Раслякова і Зміцера Сянькова звольнілі неўзабаве пасля таго, як у канцы верасня на прадпрыемстве адбылася стыхійная забастоўка. Абодва грузчыка расказвалі пра гэта незалежным журналістам. Незалежныя СМІ пісалі таксама і пра тое, што рабочыя прапануюць стварыць на заводзе арганізацыю Свабоднага прафсаюза, паведамляе ximik.info.

Забастоўка адбылася 14 верасня. Незадаволеныя нізкімі зарплатамі рабочыя спынілі працу, выйшлі на вуліцу. Паслухаўшы абяцанні дырэктара «разабрацца ў сітуацыі», пасля гадзіны прастою работнікі зноў прыступілі да працы. Па словах Віктара Раслякова - каб пазбегнуць пакарання за несанкцыянаваную акцыю ці за прагул.

Віктар Раслякоў і Зміцер Сянькоў абвяргалі словы дырэктара, які казаў журналістам, што забастоўкі на прадпрыемстве не было, і што была ўсяго толькі мірная гутарка аб пераразліку зарплат. Але пераразліку так і не зрабілі. І гэтыя дадзеныя таксама патрапілі ў незалежныя СМІ...

Адміністрацыя і супрацоўнікі КДБ некалькі дзён шукалі «падбухторшчыкаў». І нарэшце былі пацверджаны пагрозы пакараць тамтэйшых актывістаў за непакорлівасьць. І 2 кастрычніка Віктар Раслякоў і Зміцер Сянькоў былі звольненыя.

Сваё права на працу яны былі вымушаныя абараняць праз суд. Працэс расцягнуўся на два тыдні, і, нарэшце, 12 лістапада суддзя Тацяна Субоціна зачытала рашэнне - аднавіць работнікаў на працы, так як звальненне адбывалася з парушэннямі працоўнага заканадаўства.

Дырэктар вельмі спяшаўся падпісаць загад на звальненне. І каб мець падставы для гэтага, адміністрацыя абвясціла Раслякову і Сянькову па тры вымовы. Але - з парушэннем прадугледжаных законам тэрмінаў.

Суд прызнаў звальненне незаконным і пастанавіў выплаціць рабочым кампенсацыю - каля 500 тысяч кожнаму. Абодва яны выдатна разумеюць, што падставай для звальнення была іх грамадзянская пазіцыя, калі яны шчыра расказвалі аб сітуацыі на прадпрыемстве.

Незадаволеныя узроўнем зарплат і ўласнай безабароннасцю перад кіраўніцтвам і іншыя работнікі. У выніку некалькі дзесяткаў чалавек выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і рыхтуюцца стварыць «пярвічкі» Свабоднага прафсаюза (СПБ).

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках