25 красавiка 2024, Чацвер, 16:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эмануэліс Зінгерыс: Лукашэнка - балбатун

16
Эмануэліс Зінгерыс: Лукашэнка - балбатун

Старшыня камітэта замежных спраў Сэйма пракаментаваў абразлівыя нападкі беларускага дыктатара на Літву.

Эмануэліс Зінгерыс нагадаў, што літоўская старана чакае вынікаў хуткага расследавання інцыдэнту. І нават не дапускае, што яго правядуць дрэнна. Але гэта не азначае, што палітыкі не могуць назваць гэты інцыдэнт тэрактам, паведамляе «Радыё Свабода».

«Нават для нас рэакцыя на нашае права выказаць заклапочанасць магчымай пагрозай здароўю і жыццю нашых людзей, якія жывуць на тэрыторыі пасольства, стала нечаканай. Гэта проста балбатня. І, на жаль, не вельмі высокага палёту. Гэта справа Лукашэнкі - выказвацца рознымі словамі. І жаргон, які ён выкарыстоўвае, сведчыць, як сказаў спадар прэм'ер-міністр, пра ягоную невысокую культуру», - сказаў палітык.

Паводле слоў Зінгерыса, падчас інцыдэнту ў будынку амбасады знаходзілася шмат супрацоўнікаў, у двары стаялі іхныя аўтамабілі. І тое, што напад быў учынены напярэдадні 7-га лістапада, не выклікае сумневаў, што гэта звязана з чалавеканенавісніцкай камуністычнай ідэалогіяй.

«Калі чалавек хоча разняволіцца, то гэта ягоная справа, якім чынам ён гэта робіць. Але калі чалавек называе сябе прэзідэнтам, то гэта, вядома, горш. Бо мы не звязваем гэты эпізод з дзеяннямі беларускіх улад. Мы проста выказалі надзею, што беларускія ўлады разгледзяць гэты сур'ёзны эпізод. Гэта ж не два букеты кветак, гэта дзве бутэлькі з запальнай сумессю. Мы проста выказалі меркаванне са спадаром міністрам, што гэта тэракт. Але мы гэта не звязвалі з дзеяннямі беларускіх улад», - сказаў Эмануэліс Зінгерыс.

Ён таксама нагадаў пра палітыку самаізаляцыі, якую праводзіць афіцыйны Менск.

«Нашая палітыка абсалютна ясная, адкрытая для дыялогу з беларускім народам. Ажыццяўляецца дапамога людзям, якія выехалі з Беларусі з палітычных матываў і жывуць тут. Літва мае вельмі канструктыўную палітыку. Пастановы ў справах Беларусі, я маю на ўвазе адкрыццё мяжы, былі значна больш рашучыя, чым у справе Калінінградскай вобласці. І прапановы з нашага боку ляжаць на стале спадара Лукашэнкі. Хай адкажа: чаму няма адкрытай мяжы паміж Літвой і Беларуссю? Куды знікла прапанаваная з нашага боку палітыка адкрытасці ў адносінах? Хто чыніць перашкоды гэтай адкрытасці?», - сказаў літоўскі палітык.

Нагадаем, 6-га лістапада на тэрыторыю пасольства Літвы ў Менску былі кінутыя дзве бутэлькі з «кактэйлем Молатава», якія супрацоўнікі літоўскай паліцыі, што дзяжурылі ў будынку, хутка затушылі.

Кіраўнік МЗС Літвы Аудронюс Ажубаліс і старшыня Камітэта замежных спраў Сэйма Літвы Эмануэліс Зінгерыс назвалі інцыдэнт з укідваннем на тэрыторыю амбасады Літвы ў Менску дзвюх бутэлек з запальнай сумессю тэрарыстычным нападам на дыппрадстаўніцтва Літвы.

У чацвер запрошанаму ў МЗС Літвы амбасадару Беларусі ў Літве Уладзіміру Дражыну была ўручаная нота пратэсту.

Як паведаміў Следчы камітэт Беларусі, «распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 39 - гэта хуліганства, учыненае групай асоб. Праводзяцца далейшыя следчыя дзеянні».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках