28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Магілёве прэзентавалі кнігу Уладзіміра Арлова (Фота)

10

13 лістапада ў Магілёве адбылася прэзентацыя кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае».

Прадставілі выданне магілёўцам яго аўтары: пісьменнік Уладзімір Арлоў і дызайнер Зміцер Герасімовіч. Сустрэча праходзіла ў гарадскім цэнтры культуры і адпачынку, паведамляе «Радыё Свабода».

На прэзентацыю прыйшло каля сотні чалавек. Некаторыя - ужо з набытым у краме выданнем. Кнігу, па словах Уладзіміра Арлова, не дазволілі прадаваць у самым цэнтры культуры. Пісьменнік таксама паведаміў, што ў Магілёве ў продаж паступіла толькі некалькі дзесяткаў экземпляраў новай кнігі. Прычына - у адмысловым статусе абласнога кнігагандлю, які доўга вырашаў, ці варта прадаваць гістарычнае выданне. У іншыя абласныя цэнтры кніг паступіла ў дзесяткі разоў больш.

Раней публічная прэзентацыя кнігі адбывалася толькі ў Менску.

«Гэта кніга пра тое, што беларусы гістарычна і ментальна - еўрапейскі народ. У нас еўрапейская гісторыя, яркія праявы якой мы бачым у рэнесансу, якога не было ў нашых усходніх суседзяў, у рэфармацыі. У тым, што нашы студэнты вучыліся ў заходніх універсітэтах на працягу стагоддзяў. І толькі пасля прыходу расейскіх акупантаў нашым дзецям забаранілі атрымліваць адукацыю на захадзе. А тых, хто вучыўся там, пачалі прымусова вяртаць. Нашы гарады мелі магдэбургскае права. Магдэбургскага права ніколі не было на ўсход ад Смаленска. Адданасць еўрапейскіх каштоўнасцей нашы продкі даказвалі, паднімаючыся на вызваленчыя паўстанні супраць расейскіх каланіяльных улад, каб вырвацца з Расейскай імперыі, якую класікі марксізму-ленінізму справядліва называлі турмой народаў. У нас еўрапейская гісторыя, і гэта пропуск у нашу еўрапейскую будучыню», - сказаў Уладзімір Арлоў.

Кнігу «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» выдалі ў Славакіі. Па словах яе аўтараў, выданне збіраюцца перавесці на іншыя еўрапейскія мовы. Успомнілі на магілёўскай прэзентацыі і імёны аўтараў, якія не дажылі да яе выхаду: картографа Віктара Цемушава і гісторыка Ігара Чаквіна.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках