28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Звычайная справа»: Пад Менскам абрынуўся будынак офіса (Фота)

29

Супрацоўнікам менскай кампаніі West-Line забаранілі пра гэта каму-небудзь паведамляць.

На гарачую лінію партала TUT.BY звярнуўся чалавек, які папрасіў не называць ягонае імя, назваўся радавым супрацоўнікам сталічнай кампаніі West-Line, што гандлюе мэблевай фурнітурай. Паводле ягоных слоў, у мястэчку Цнянка пад Менскам абрынуўся будынак, які належыць гэтаму прадпрыемству.

- Усё пачалося з таго, што ў будынку офіса кампаніі West-Line на вуліцы Дзяржынскага, 16а, у мястэчку Цнянка Менскага раёна вырашылі зрабіць цокальны паверх, - распавёў ён. - Распрацавалі і зацвердзілі ў адпаведных органах праект, а вось на патрэбным у такіх выпадках умацаванні падмурка вырашылі зэканоміць. У выніку пры правядзенні прац будынак папросту абрынуўся!

Гаспадары фірмы вырашылі не выклікаць супрацоўнікаў МНС, больш таго - строга забаранілі супрацоўнікам куды-небудзь тэлефанаваць. Затое ветліва папрасілі іх дапамагчы ў «выратаванні» сваіх рэчаў - офіснай тэхнікі і некаторай мэблі. Зразумела, людзі, пабаяўшыся застацца без працы, адгукнуліся на гэтую просьбу і вынеслі з разбуранага будынка маёмасць наймальнікаў з рызыкай для жыцця і здароўя, - абурыўся супрацоўнік West-Line.

Па названым адрасе сапраўды атрымалася выявіць будынак, які абваліўся, і які ўвішныя камерсанты прыхапкам абнеслі высокай агароджай з непразрыстай цыраты. Разгледзець, што адбываецца па-за ёй, выявілася немагчымым, але зверху было відаць, што на даху абрынутага офіса... працавалі людзі! Трэба заўважыць без спецвопраткі, якой-небудзь страхоўкі і нават элементарных будаўнічых касак! Па ўсім было прыкметна, што гаспадары будынка менш за ўсё хацелі, каб здарэнне заўважылі староннія людзі.

Але не звяртаючы ўвагі на надзвычайнае становішча, прыбытак тут вырашылі не губляць - гандаль мэблевай фурнітурай у West-Line ішоў поўным ходам. Тавар адпраўлялі кліентам з марскіх кантэйнераў, размешчаных непадалёку ў некалькі паверхаў. Вакол ездзілі грузавыя аўтамабілі з лагатыпамі прыватных кампаній. На пытанне «Што ў вас адбылося?» дзяўчаты ва ўніформе толькі ўсміхнуліся і адказалі: «Ды так, метэарыт зваліўся!» З іх слоў, у дзень, калі адбылося разбурэнне будынка, яны не працавалі, таму нічога растлумачыць не могуць. А начальства на месцы, зразумела, не было.

Журналісты вырашылі паказаць і фота, зробленае відавочцамі здарэння, і нашыя ўласныя здымкі прэс-сакратару МНС Беларусі Віталю Навіцкаму. Фота выклікала ў беларускіх выратавальнікаў, мякка кажучы, моцнае здзіўленне.

- Вядома, па-чалавечы ў такіх выпадках тэлефанаваць па нумары 101 варта абавязкова! - сказаў ён. - Але вось фармальна ўласнік будынка не абавязаны выклікаць супрацоўнікаў МНС, калі мяркуе, што ў выніку здарэння няма небяспекі для грамадзян. Міністэрства надзвычайных сітуацый - не падрадная будаўнічая арганізацыя, мы не абавязаныя разбіраць завалы па замове прыватных фірмаў, мы абавязаныя ратаваць людзей!

Напрыканцы афіцыйны прадстаўнік МНС дадаў, што, калегіяльна азнаёміўшыся са здымкамі з месца здарэння, выратавальнікі прынялі рашэнне выехаць у Цнянку самастойна - нават нягледзячы на тое, што іх ніхто не выклікаў. Паводле слоў Віталя Навіцкага, агледзеўшы на фота характар разбурэнняў, выратавальнікі не могуць быць упэўненыя, што падчас разбурэння будынка ніхто не пацярпеў, і таму ім неабходна неадкладна праверыць гэта на месцы.

Чым скончыцца праверка, прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі паабяцаў паведаміць дадаткова.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках