25 красавiка 2024, Чацвер, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: У міністры культуры - генерала!

48
Юрый Хашчавацкі: У міністры культуры - генерала!

Вядомы беларускі рэжысёр пракаментаваў адстаўку Паўла Латушкі.

«Павел Латушка ўмеў гаварыць па-беларуску, можа быць за гэта яго і знялі з пасады міністра культуры. Разумееце, гэта ўсё шэрыя людзі ў шэрым урадзе безаблічнай улады, у якой ёсць толькі адзін голас і адна галава. І гэты голас ужо ўсім надакучыў за 18 гадоў. А на гэты твар ужо проста немагчыма глядзець, надакучыла», - распавёў сайту charter97.org вядомы беларускі рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

«Нічога гэта не дасць, ніякія гэта не змены. Гэта проста броўнаўскі рух. Паколькі мысленне ў нашага гаранта броўнаўскае, то і ўсё астатняе - таксама хаос», - сказаў кінарэжысёр.

Па словах Юрыя Хашчавацкага, Латушку маглі зняць і за тое, што ў культуры прабіваецца беларускасць:

«Я ніякіх прычын зняцця не бачу акрамя той, што беларускае ў культуры ўсё роўна прабіваецца. Нават на прэзідэнцкім фестывалі «Лiстaпад» фільм па Быкаву атрымаў гран-пры. Я думаю, што гэта шмат каму ва ўладзе не спадабалася. Беларуская культура паводзіць сябе трохі не так, як гэтага хоча Лукашэнка. І не выключана, што Латушка, як міністр культуры, у гэтым быў прызнаны вінаватым».

Рэжысёр не выключае таго, што новым міністрам культуры стане генерал:

«Можа быць Лукашэнка разлічвае, што калі паставіць на пасаду міністра культуры нейкага генерала, то культура будзе паводзіць сябе больш дысцыплінавана. У яго зараз мысленне менавіта такое - у свой час кіраўнік хацеў на месца мэра Менска паставіць генерала, каб усе хадзілі строем і не байкатавалі «выбары». Так што, напэўна, Лукашэнка разлічвае, што ён паставіць генерала і культура пяройдзе на рускую мову і будзе падпарадкоўвацца галоўным прыярытэтам, якія нарадзіліся ў галаве кіраўніка».

Міністэрства культуры павінна стаць для Лукашэнкі яшчэ адным з сілавых ведамстваў, упэўнены Юрый Хашчавацкі:

«Генерал будзе хваліць гэту пачварнасць, якая называецца Нацыянальнай бібліятэкай і кланяцца яму ў ногі за «высокія» дасягненні культуры на Славянскім базары. Увогуле, беларуская культура будзе такой, як зразумела Лукашэнке, а не як усякім «адмарозкам», якіх ён не разумее і баіцца. Культура для кіраўніка павінна стаць таксама адным з сілавых міністэрстваў».

Нагадаем, сёння Лукашэнка зняў Паўла Латушку з пасады міністра культуры і прызначыў амбасадарам у Францыі, а таксама па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках