25 красавiка 2024, Чацвер, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад Літвы сышоў у адстаўку

12
Урад Літвы сышоў у адстаўку

Літоўскі ўрад, які узначальваў кансерватар Андрус Кубілюс, склаў паўнамоцтвы.

У той жа дзень сваім дэкрэтам кіраўніца дзяржавы даручыла ўраду прадоўжыць працу да таго часу, пакуль не будзе сфармаваны новы кабінет міністраў. Бліжэйшым часам прэзідэнт вызначыцца, каму даручыць фармаваць урад, піша ru.delfi.lt.

«Даля Грыбаўскайтэ падпісала дэкрэт, у якім прыняла вернутыя ўрадам Андруса Кубілюса паўнамоцтвы і даручыла яму часова выконваць гэтыя абавязкі, пакуль не будзе сфармаваны новы ўрад»,- паведаміла ў пятніцу прэс-служба прэзідэнта.

Правацэнтрысцкі ўрад пад кіраўніцтвам А.Кубілюса стаў першым у гісторыі незалежнай Літвы, які здолеў адпрацаваць усе чатыры гады.

Адразу ж пасля другога тура выбараў у Сэйм прэзідэнт заявіла, што даручыць сфармаваць новы кабінет міністраў сацыял-дэмакратам, якія набралі больш за ўсё галасоў. Але разам з тым Д.Грыбаўскайтэ высунула ўмову, што ў кіраўнічай большасці і ўрадзе не павінна быць Партыі працы.

У якасці прэтэндэнта на пост прэм'ера называецца лідар сацыял-дэмакратаў Альгірдас Буткявічус, які, нягледзячы на папярэджанне прэзідэнта, пачаў фармаваць кабінет міністраў з удзелам Партыі працы, партыі «Парадак і справядлівасць» і далучанай да іх Выбарчай акцыі палякаў Літвы. Гэтыя партыі ўжо падпісалі кааліцыйную дамову і размеркавалі міністэрствы.

Паводле закону, у дзень, калі новы Сойм збіраецца на першае паседжанне, урад складае паўнамоцтвы. Прэзідэнт прымае паўнамоцтвы ва ўрада і даручае яму часова выконваць абавязкі да фармавання новага кабінета міністраў, і ў 15-дзённы тэрмін прапаноўвае парламенту кандыдатуру новага прэм'ер-міністра.

Пасля таго як Сэйм ухваляе кандыдатуру прэм'ера, ён не пазней чым на працягу 15 дзён ад яго прызначэння прэм'ерам павінен падаць Сэйму сфармаваны ім і зацверджаны прэзідэнтам кабінет міністраў, а таксама вынесці на абмеркаванне ўрадавую праграму.

16-ы кабінет міністраў атрымае паўнамоцтвы, калі парламент большасцю галасоў ухваліць ягоную праграму.

Прэм'ера з ухвалы Сэйма прызначае і звальняе прэзідэнт.

Лідар кансерватараў А.Кубілюс займаў пасаду прэм'ер-міністра з 9 снежня 2008г. У ягоны кабінет міністраў уваходзілі прадстаўнікі Звязу Айчыны - хрысціянскія дэмакраты Літвы, Руху лібералаў,а таксама Звязу лібералаў і цэнтра.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках