19 красавiка 2024, Пятніца, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы функцыянер БРСМ: Адчуваю віну дагэтуль

147
Былы функцыянер БРСМ: Адчуваю віну дагэтуль

Былы кіраўнік абкама БРСМ Алесь Цыбульскі распавёў пра тых, хто працаваў і працуе ў гэтай арганізацыі.

Падаем тэкст артыкула, змешчаны на ягоным блогу на сайце «Беларускі партызан», цалкам:

Апошнім часам спадар Лукашэнка заявіў пра неабходнасць прыходу ва ўладныя структуры ўсіх узроўняў новых маладых кадраў. З аднога боку - гэта зусім відавочная і неабходная з’ява для развіцця не толькі дзяржавы, а нават самага невялічкага прадпрыемства. З другога боку паўстае пытанне – адкуль гэтыя «кадры» з’явяцца, і ці здолеюць яны сапраўды эфектыўна кіраваць? Вось на гэтыя пытанні я і паспрабую адказаць.

Адразу хачу сказаць, што аніякага аптымізму ад гэтай навіны асабіста ў мяне не з’явілася. Відавочна, што ва ўладу прыйдуць «правераныя» асобы, прафесійныя веды і здольнасці якіх выклікаюць вялікі сумнеў. Відавочна і тое, што большая частка «новых кадраў» прайшла ўжо праз «фільтр» БРСМ(БПСМ). Я ў свой час працаваў у гэтай арганізацыі, прайшоўшы шлях ад другога сакратара райкама да кіраўніка адзела абкама, а потым і ЦК БПСМ, добра вядомы гэты «гадавальнік» кадраў для лукашэнкаўскай улады.

Я не кажу пра простых членаў БРСМ, пераважная большасць якіх прыйшла ў арганізацыю пад прымусам, каб не страціць месца навучання ці працы, каб атрымаць месца ў студэнцкім інтэрнаце і г.д. Больш за тое, пераважная большасць нават у вочы не бачыла статут арганізацыі і блізка не ўяўляе, якія ў яе мэты ўвогуле. Які я быў наіўны, калі, кіруючы аддзелам работы з першаснымі арганізацыямі ЦК БПСМ, вёў барацьбу з прыпіскамі колькасці на месцах.

Але я хачу больш падрабязна распавесці пра тых, хто працаваў і працуе ва ўсёй «вертыкалі» БРСМ(БПСМ). Тут іх можна падзяліць на некалькі катэгорый. Кідалася ў вочы вялікая колькасць так званых «мажораў»- сынкоў ці дачок нейкіх кіраўнікоў, альбо яшчэ нейкіх сумнеўных асоб, якіх трэба было «прыладкаваць». Гэтай катэгорыі зусім не рупілі праблемы моладзі, галоўнае – каб іх не чапалі. Яны сядзелі і чакалі, калі ім знойдзецца больш утульнае месца.

Другая катэгорыя - гэта «апантаныя» самой асобай Лукашэнкі. На шчасце, такіх адзінкі. Вядома, былі і такія, што сапраўды верылі, што сваёй актыўнай работай дапамогуць развязаць праблемы моладзі. Усе больш-менш карысныя справы рабіліся менавіта такімі актывістамі. Але потым, зразумеўшы сваю наіўнасць і ўтопію, трацілі веру, аптымізм. І ўвогуле сыходзілі з гэтай работы, і шукалі сябе ў іншых сферах жыцця, потым успрымаючы перыяд сваёй працы у БРСМ(БПСМ) як недарэчнасць.

А вось асаблівай увагі патрабуе тая катэгорыя маладых функцыянераў, якую з усёй адказнасцю можна ўважаць за сапраўдны кадравы рэзерв лукашэнкаўскай улады. Яны спяць і бачаць сябе кіраўнікамі рэгіёнаў, дэпутатамі ўсіх узроўняў, міністрамі і нават прэзідэнтамі. Яны гатовыя з халопскай прыніжанай падатнасцю слухаць вышэйшае кіраўніцтва, любяць капіяваць яго паводзіны ва ўсім, і ў той жа час праблемы простых людзей ім не рупяць. Патрыятызм імі ўспрымаецца толькі з нейкай мілітарысцкай афарбоўкай, усё сапраўднае нацыянальнае - мова, культура, сапраўдная гісторыя ўспрымаецца імі з відавочным раздражненнем. Яны – актыўныя ўдзельнікі «ярмошынскіх» псеўдавыбараў як кандыдаты, як назіральнікі так званыя, так і ў выбарчых камісіях. Яны - напраўду хлуслівыя, баязлівыя, і свайго «бацьку» здадуць пры першым допыце.

Лезуць да ўлады яны як дзеля асабістых амбіцый, так і дзеля выгады. Я яшчэ добра памятаю незразумелае становішча на радыёстанцыі «Стыль», фінансавыя таямніцы, звязаныя з будаўніцтвам дамоў для маладых сем’яў, непразрыстыя тэндэры, таксама на свае вочы бачыў, што рабілася ў кемпінгу на Нарачы… Адным словам, шмат яшчэ пытанняў, якія патрабуюць незалежнага ад улады расследавання. Вось такая змена расце…

Чытачы могуць зараз сказаць «Навошта ты нам, Цыбульскі, цяпер пра гэта кажаш? Мы і так усё бачым і гэтым «лукамольцам» ніколі не верылі». Гэта, вядома, так, але, на маю думку, нам не трэба так спакойна ставіцца да гэтых «гульняў у камсамол». Нагадаю вам,паважаныя, што грамадскае аб’яднанне БРСМ напраўду грамадскім не з’яўляецца, бо цалкам фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту!

Палічыце самі: 118 райкамаў, 6 абласных камітэтаў і Цэнтральны камітэт, і паўсюль сядзяць маладыя чыноўнікі, і усім патрэбны заробак, я ўжо не кажу пра гаспадарчыя выдаткі і фінансаванне мерапрыемстваў. Каб БРСМ існаваў толькі са складак і нейкай сапраўды дабрачыннай дапамогі фундатараў, не з прынукі, то ён бы праіснаваў не больш за месяц. У нас ніхто і не спытаў, ці патрэбен нам такі цяжар на назе дзяржаўнага бюджэту.

Дзе-нідзе нейкія карысныя справы БРСМ усё ж такі робіць. Але гэта ўсё безсістэмна, кропкава, і пры такім фінансаванні выглядае хутчэй як лыжка мёду на бочку дзёгця. Усе іхныя справы нагадваюць больш згуртаванне нейкіх «масавікоў-пацешнікаў». Акрамя імітацыі, працы з моладдзю няма.

Што рабіць? Па-першае, не жыць ў хлусні. Самім не ісці у гэтую арганізацыю, і абгрунтоўваць сваю пазіцыю пры спробах прымусовага прыняцця. Калі Вы ўжо член БРСМ і ў ім расчараваліся і больш не верыце, то адразу пішыце заяву аб выхадзе. Бацькам трэба таксама актыўна ўдзельнічаць у тым, каб іх дзіця не павялося на хлуслівыя лозунгі БРСМ. І ўвогуле, калі Вы ўважаеце сябе за моцнага і таленавітага чалавека, павінны раз і назаўсёды зразумець, што пры сённяшняй уладзе аніякай падтрымкі не атрымаеце. А калі Вы ўважаеце сябе за сапраўдных патрыётаў і гатовыя за кімсьці ісці, то вельмі добра на ўсё паглядзіце. Патрыёты ў Беларусі ёсць, шчырыя лідары таксама. Яскравы прыклад – Зміцер Дашкевіч.

І апошняе. Я дакладна ведаю, што ў кабінетах як і ўлады, так і БРСМ незалежныя СМІ чытаюць, прычым вельмі ўважліва і ў першую чаргу, а потым афіцыйную прэсу. Хачу звярнуцца да Вас, так званая лукашэнкаўская змена. Я добрая ведаю, што пераважная большасць з вас не верыць сённяшняй уладзе і ведае, якімі сродкамі яна ўтрымліваецца. Я ужо 13 год як не працую ў БРСМ (тады гэта БПСМ быў), але і дагэтуль адчуваю нейкую асабістую адказнасць і віну.

Калі ў Вас ёсць хоць кропля сумлення і шчырасці, памятайце: доўга пражыць ў хлусні самому сабе немагчыма. Падумайце добра! Жыццё не стаіць на месцы, ўсё рана ці позна зменіцца. А вы яшчэ маладыя і вымушаныя неяк глядзець людзям у вочы. Так што не падманвайце ні сябе, ні людзей!

Напісаць каментар 147

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках