25 красавiка 2024, Чацвер, 13:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі адстаялі Парк дружбы народаў (Дакумент)

7
Менчукі адстаялі Парк дружбы народаў (Дакумент)

Жыхарам вуліц Багдановіча і Кульман удалося зберагчы паўночную частку парку Дружбы народаў ад высечкі дрэў і будаўніцтва стадыёна.

Падвядучы вынікі грамадскага абмеркавання, у Менгарвыканкаме вырашылі ўлічыць пазіцыю насельніцтва і адмовіць кампаніі «Форевер спорт» у рэалізацыі праекта. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які атрымала на днях ініцыятыўная група жыхароў, піша onliner.by.

«З улікам рэгламентаў генеральнага плана г. Менска, меркаванні кіраўніцтва Менгарвыканкама і катэгарычнай нязгоды жыхароў размяшчэнне грамадска-спартыўнага цэнтра ў парку Дружбы народаў не прадугледжваецца», - гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкама Андрэя Галя.

Адрэагаваў на калектыўныя звароты грамадзян і «Менскпраект». У лісце з гэтай арганізацыі паведамляецца: «Размяшчэнне гэтага аб'екта на прапанаваным месцы супярэчыць горадабудаўнічым рэгламентам, занаванню і раней распрацаваным і ўзгодненаму ва ўстаноўленым парадку архітэктурна-планіровачнаму рашэнню парка. Будаўніцтва грамадска-спартыўнага цэнтра ўздоўж вуліцы Багдановіча пацягне за сабой знос вялікай колькасці зялёных насаджэнняў, а наш горад страціць найпрыгожую тэрыторыю сфармаванага парку».

Застаецца незразумелым, як Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама дазволіў правесці грамадскае абмеркаванне праекта, калі ён супярэчыць зацверджаным раней горадабудаўнічым дакументам.

Нагадаем, прэзентацыя праекта адбылася 15 кастрычніка ў сярэдняй школе № 28. На сустрэчу з прадстаўнікамі заказчыка і раённай адміністрацыяй прыйшло каля 10 мясцовых жыхароў (па словах людзей, аб'яў на пад'ездах не было, таму пра мерапрыемства ведалі толькі адзінкі), аднак на наступны дзень інфармацыя разышлася па інтэрнэце. Менш чым за два тыдні жыхары змаглі сабраць больш за 3000 подпісаў супраць будаўніцтва стадыёна і накіраваць іх у розныя інстанцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках