23 красавiка 2024, aўторак, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Рэвяка: Працу «Вясны» ўлады спыніць не змогуць

8
Таццяна Рэвяка: Працу «Вясны» ўлады спыніць не змогуць

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прадоўжыць працу ў поўным аб'ёме, нягледзячы на канфіскацыю офіса.

«Мы плануем далей жыць і працаваць, нягледзячы на тое, што ў нас забіраюць офіс. Тое, што памяшканне «Вясны» канфіскуюць, для нас не было навіной - гэта было ў прысудзе, вынесеным Алесю Бяляцкаму. І ў студзені гэтага года, калі не была задаволена касацыйная скарга, мы ўжо ведалі, што з офісам нам прыйдзецца развітацца», - сказала ў інтэрв'ю сайту charter97.org сябра Савета праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка.

Па словах праваабаронцы, пачынаючы са жніўня супрацоўнікі «Вясны» прыходзілі на офіс як у апошні раз:

«Са жніўня кватэра, у якой знаходзіцца офіс «Вясны», цалкам адышла дзяржаве. Чаму ў нас забіраюць офіс толькі праз чатыры месяцы - патлумачыць не магу. Мы самі чакалі, што памяшканне ў нас канфіскуюць раней. Фактычна з жніўня кожны дзень мы прыходзілі на офіс як у апошні раз».

«Вясна» прадоўжыць працу ў поўным аб'ёме, адзначыла Таццяна Равяка:

«Гэта балючы ўдар па праваабарончаму цэнтру, але мы з гэтым справімся. Наша арганізацыя прадоўжыць дзейнасць у поўным аб'ёме. Нейкі час нам, вядома, прыйдзецца пераадольваць нейкія цяжкасці і працаваць не ў адным месцы і не ў офісных умовах. Але я ўпэўненая, што мы знойдзем магчымасць зноў аб'яднаць усіх нашых супрацоўнікаў цэнтральнага офіса на адной тэрыторыі і ў адным памяшканні».

Пра тое, дзе прадоўжыць працу супрацоўнікі «Вясны», яны абяцаюць паведаміць, як толькі гэта будзе вызначана, і новае месца будзе такім жа адкрытым для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, як і памяшканне на праспекце Незалежнасці, распавяла праваабаронца:

«Калі мы ўжо ведалі, што офіс будзе канфіскаваны, мы займаліся пошукам альтэрнатыўных варыянтаў. Спадзяюся, што нашыя пошукі будуць паспяховымі. Калі гэта здарыцца, пра гэта даведаюцца людзі, якім патрэбна дапамога, мы запросім журналістаў. Калі людзі, якія звяртаюцца за нашай дапамогай, асцерагаюцца, што яны застануцца без яе, я хацела б іх супакоіць - мы па-ранейшаму будзем працаваць. Хай яны звяртаюцца па старых кантактах, і неабходная дапамога ім будзе аказана ў поўным аб'ёме».

Нягледзячы на пастаянны ціск, з «Вясны» не звольніўся ні адзін супрацоўнік, сказала Таццяна Рэвяка:

«Працэс над Алесем Бяляцкім - і пазбаўленне яго волі, і частка прысуду па канфіскацыі - цалкам палітычныя. Пазбавіць волі Алеся - гэта пазбавіць волі вядучага праваабаронцу. Пазбавіць памяшкання «Вясну» - гэта разлік на тое, што наша дзейнасць будзе спыненая. Магу адназначна сказаць - мы сваю дзейнасць працягнем. З «Вясны» за гэты час (а на гэтым тыдні будзе роўна год, як Алесю вынесены прысуд) не сышоў ні адзін супрацоўнік, ні адна праграма не спынена. Так што калі хтосьці чакаў, што наш праваабарончы цэнтр распадзецца, разбяжыцца - гэтага ніхто і ніколі не дачакаецца. У нас можна забраць офіс, але немагчыма спыніць нашу дзейнасць».

Нагадаем, памяшканне, у якім знаходзіцца офіс праваабарончага цэнтра «Вясна» па праспекце Незалежнасці, 78 А, забяруць 26 лістапада.

Кватэра, у якой з 2000 года размяшчаецца офіс «Вясны», была аформленая на арыштаванага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які быў прысуджаны да 4,5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці нібыта за нявыплату падаткаў.

Пры гэтым праваабаронцы аплацілі нібыта нанесеную Алесем Бяляцкім «шкоду» у памеры 90 тысяч даляраў. Яны спадзяваліся, што гэта дазволіць скараціць турэмны тэрмін праваабаронцы і пакіне ў іх уласнасці офіс. Аднак улады, атрымаўшы грошы, адмовіліся ісці на саступкі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках