29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Патрэбна дэцэнтралізацыя

47
Зміцер Бандарэнка: Патрэбна дэцэнтралізацыя

Беларуская апазіцыя і Захад павінны адмовіцца ад старых клішэ.

Пра гэта лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя».

- Цяпер шмат гаворыцца аб выбарах 2015 года. Адразу пасля «парламенцкіх выбараў» з'явілася інфармацыя ад тэлеканала «Аль-Джазіра», што Яраслаў Раманчук хоча быць адзіным кандыдатам. Мы таксама чуем, што Аляксандр Мілінкевіч хоча быць адзіным кандыдатам. А ці магчыма наогул вылучэнне на выбарах адзінага кандыдата і не трэба думаць пра тое, каб распрацаваць агульную стратэгію і прымусіць улады правесці свабодныя выбары?

- Лічу, пошукі «адзінага» праяўленнем старых падыходаў. Сітуацыя кардынальна змянілася. Таксама як 13 снежня 1981 года сітуацыя радыкальна змянілася ў Польшчы, таксама і ў Беларусі 19 снежня стала пераломнай датай. І тыя метады беларускіх дэмакратычных сіл, якія спрацоўвалі да 19 снежня 2010 года, стала немагчыма ўжываць пасля гэтай даты.

Лукашэнка перапалохаўся і пачаў змагацца з апазіцыяй, як з тэрарыстамі. Адпаведна змяніліся падыходы спецслужбаў у дачыненні да беларускіх дэмакратаў, беларускіх патрыётаў. Такога не было нідзе ў свеце, каб восем з дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты разам са сваімі штабамі апынуліся пасля выбараў у турме КДБ і падвергнуліся жорсткім катаванням. Прычым ад нас патрабавалі пакоры і падпісання папер аб супрацоўніцтве. Аказанне татальнага ціску на ўсе дэмакратычныя структуры - гэта новая, калі можна так яе назваць, стратэгія ўлад. Апазіцыі гэтаму неабходна супрацьпаставіць сваю новую стратэгію. Але па-ранейшаму ўкідваюцца «цукеркі» ў старой упакоўцы.

- А ці разумеюць гэта палітычныя лідэры, якія ўкідваюць такія прапановы?

- Частка лідэраў разумеюць гэта, таму што яны разам са мной стаялі без адзення, голымі каля сцяны, а над галавой пстрыкалі электрашокеры і дубінкі. Падвяргаліся катаванням, пагрозам згвалтавання, забойства, арышту родных. І тыя людзі, хто гэта добра памятае, выдатна разумеюць, што сітуацыя змянілася.

Але ёсць і тыя, хто толькі імітуе свабодную палітычную волю. У прыватных размовах яны кажуць, праз што ім давялося прайсці, але маўчаць пра гэта публічна.

Перш чым распрацаваць новую стратэгію, неабходна добра прааналізаваць сітуацыю. А сёння мы назіраем толькі ўкід старых клішэ. Каб супрацьстаяць таталітарызму ўлад, патрэбна дэцэнтралізацыя, выкарыстанне метадаў «партызанскага палітмаркетынгу». Адзін цэнтр лёгка кантраляваць.

- Паплечнікі Андрэя Саннікава, тыя людзі, якія падтрымлівалі яго як кандыдата, увесь час выступалі за жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму, за эканамічныя санкцыі. Ці прытрымліваецеся вы такіх жа поглядаў? Ці гэта рашэнне праблемы?

- Я лічу, што дыктатура - гэта праблема не толькі беларускай апазіцыі, беларускага народа. «Лукашэнізацыя» сёння закранула сістэму палітычнай улады ў Расеі, шмат чаго запазычвае Януковіч. Беларусь, Расея і Украіна - гэта 200 мільёнаў чалавек.

Трэба мяняць падыходы не толькі беларускай апазіцыі, але і міжнароднай супольнасці. Шчупальцы беларускай дыктатуры працягнуліся і ў Еўрапейскі звяз. З Беларусі ідзе кантрабанда нафтапрадуктаў. Нехта ж купляе гэтыя «растваральнікі». Як гэта суадносіцца з законамі дэмакратычных краін-членаў Еўрапейскага звяза?

І калі кажуць: беларускай апазіцыі неабходна сесці так і так, ісці налева-направа... Ад гэтага нешта зменіцца? Не зменіцца. Таму што гэта не з'яўляецца галоўным фактарам у сітуацыі, калі аб'ём гандлю лукашэнкаўскага рэжыму з Еўразвязам толькі за апошнія 2 гады вырас у 2 разы. Гэта значыць Лукашэнку папросту падарылі 10 мільярдаў даляраў. І пра гэта вельмі не любяць казаць еўрапейскія чыноўнікі.

Пытанне не ў санкцыях. Візавыя санкцыі - сімвалічны крок падтрымкі беларускіх палітвязняў. Трэба сур'ёзна падыходзіць да праблемы беларускай дыктатуры і адраджэнню Расейскай імперыі ў яго агрэсіўнай форме. Неабходны новы падыход вядучых міжнародных гульцоў.

- Чаму так цяжка прымаюцца рашэнні па Беларусі ў Еўропе і хто, на вашу думку, лабіруе інтарэсы Лукашэнкі на Захадзе?

- Я каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Пры ўсіх недахопах Еўрапейскага звяза, я выступаю за тое, каб мая краіна ў будучыні стала членам ЕЗ, так як гэта самы паспяховы праект, магчыма нават, у гісторыі чалавецтва. Людзям падабаецца ездзіць без межаў, годна жыць, карыстацца такімі правамі і магчымасцямі, пра якія большасць людзей у свеце і марыць не могуць.

Так, сёння пры прыняцці рашэнняў ЕЗ кіруецца прынцыпам «ліберум вета», што дазваляе краіне з насельніцтвам у 900 тысяч чалавек, якая мае свае бізнес-гешэфты з дыктатурай, заблакаваць рашэнне ўсяго Звяза.

Аднак мы павінны рабіць сваю справу. Сёння Беларусь у сусветным парадку дня, пра нас пастаянна кажуць сусветныя медыя, і гэта велізарны плюс. Лідэры беларускай апазыцыі сустракаюцца з лідэрамі вядучых сусветных дзяржаў. Мы павінны дамагчыся эфектыўнага вырашэння беларускага пытання не ў далёкай будучыні, а ў бліжэйшы час.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках