20 красавiка 2024, Субота, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспартная пошліна на нафтапрадукты - заднім чыслом

22
Экспартная пошліна на нафтапрадукты - заднім чыслом

Мінфін плануе заднім чыслом, з 1 студзеня 2012 года, увесці ўнутраную экспартную пошліну на нафтапрадукты.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік ААТ «Мазырскі НПЗ».

«Мінфінам падрыхтаваны праект указа прэзідэнта, згодна з якім у Беларусі з 1 студзеня 2012 года, гэта значыць фактычна заднім чыслом, уводзіцца ўнутраная экспартная пошліна на нафтапрадукты», - паведаміў прадстаўнік МНПЗ.

Ён адзначыў, што магчымасць увядзення ўнутраных экспартных пошлін прадугледжаная пагадненнем аб умовах паставак нафты і нафтапрадуктаў паміж урадамі Беларусі і Расеі.

Мяркуецца, што дзеянне гэтага дакумента распаўсюдзіцца толькі на 2012 год.

Прадстаўнік завода патлумачыў, што ўнутраная экспартная пошліна вылічаецца зыходзячы з аб'ёму фактычна вырабленых i экспартаваных нафтапрадуктаў, і складае Br175 тыс. (каля $20) за тону. Выплочваць пошліну абавязаныя як нафтаперапрацоўчыя заводы, так і прыватныя беларускія нафтатрэйдары, якія ажыццяўляюць давальніцкую перапрацоўку нафты на беларускіх НПЗ.

Паводле звестак Белстата, у студзені-верасні 2012 года Беларусь экспартавала 14,1 млн тон нафтапрадуктаў, што на 24,1% больш у параўнанні з такім жа перыядам 2011 года. Сярэднекантрактныя экспартныя кошты на нафтапрадукты за 9 месяцаў выраслі на 3,3% і склалі $834 за тону.

Такім чынам, за 9 месяцаў агульная сума ўнутраных экспартных пошлін можа скласці $282 млн.

«На сённяшні дзень, хоць ўказ яшчэ не прыняты, Мінфін давёў сумы пошлін, якія павінны быць выплачаныя па выніках працы заводаў за 9 месяцаў. Для МНПЗ гэтая сума складае каля $55 млн, для ААТ «Нафтан» вызначана прыкладна такая ж сума», - сказаў суразмоўца агенцтва. Ён дадаў, што пазней, па выніках працы заводаў у чацвёртым квартале, будуць даналічаныя пошліны за кастрычнік-снежань.

Прадстаўнік НПЗ заўважыў, што гэта не першы прэцэдэнт, калі беларускія ўлады адбіраюць прыбытак у нафтаперапрацоўшчыкаў. Ён таксама адзначыў, што такая пазіцыя дзяржавы выклікае незадаволенасць у расейскіх акцыянераў прадпрыемства. «Калі гэты дакумент усё ж такі будзе прыняты, з боку «Слаўнафты» могуць рушыць услед пэўныя не вельмі прыемныя для дзяржавы дзеянні», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён таксама звярнуў увагу, што намер уладаў ўвесці заднім чыслом унутраную пошліну на нафтапрадукты з'яўляецца «непрыгожай пазіцыяй напярэдадні важнага раўнда беларуска-расейскіх перамоў па нафтавым балансе на 2013 год».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках