29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандал у цяжкай атлетыцы: міністру скардзяцца на трэнера

8
Скандал у цяжкай атлетыцы: міністру скардзяцца на трэнера

Некалькі спартсменаў напісалі міністру скаргу на галоўнага трэнера.

Тым часам перамен у кіраўніцтве зборнай пасля няўдалай Алімпіяды не адбылося.

Выступленне беларускіх штангістаў на Алімпіядзе ў Лондане многія лічаць правальным, перадае «Еўрарадыё».

Двойчы сярэбраны прызёр алімпіяд Рыбакоў прыехаў на Гульні траўмаваны, рэкардсмен свету Арамнаў парваў мышцу на адным са стартаў напярэдадні галоўнага спаборніцтва чатырохгоддзя. Дзве бронзы ў Лондане змаглі ўзяць толькі нашы жанчыны - Шкерманкова і Кулеша.

Стала вядома аб чарговым канфлікце ў нацыянальнай камандзе па цяжкай атлетыцы. Некалькі алімпійцаў-медалістаў падпісаліся пад лістом новаму міністру спорту Аляксандру Шамко, дзе паскардзіліся на галоўнага трэнера Аляксандра Ганчарова і запатрабавалі яго адстаўкі.

«Усе трэнеры засталіся на ранейшых пазіцыях. Іншая справа, што прыйшоў новы міністр спорту, і яму падкідваюць розную інфармацыю, у тым ліку і аб цяжкай атлетыцы. Ёсць некаторыя «скаржнікі», - выказваецца галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы Александр Ганчароў.

- Як вы лічыце, чаму некаторыя спартсмены і зоркі цяжкай атлетыкі мінулых гадоў выступаюць супраць вас?

- Я не хацеў бы тут агулам аб усіх казаць, але ёсць і раўнівае стаўленне да людзей, якія, не стаўшы алімпійскімі чэмпіёнамі, а будучы проста майстрамі спорту, займаюць такую пасаду, як я, і маюць вынік. Ёсць і іншыя моманты вакол сённяшняй цяжкай атлетыкі. Будзем так гаварыць: ніхто не адмяняў барацьбу паміж групоўкамі, кланамі. Таму што ў любой вобласці існуе барацьба супрацьлегласцей. І калі ёсць розныя задачы, пачынаюцца войны.

- Як вы лічыце, што адбылося з Рыбаковым і Арамнавым перад Алімпіядай? Няўжо траўм нельга было пазбегнуць?

- Рыбакоў - гэта чалавек, які ішоў на трэцюю Алімпіяду. Напярэдадні Гульняў ён атрымаў траўму. Тут многія кажуць, што гэта памылка трэнераў, у тым ліку галоўнага. Але што тычыцца тых людзей, якія рыхтуюцца стаць медалістамі Алімпіяды, гэта раўназначна таму, што паляцець у космас. Таму трэба быць гатовымі па поўнай праграме. Не вытрымаў арганізм, Рыбакоў траўміраваўся. Так атрымалася, што зробіш. І ёсць іншая траўма - траўма Арамнава, які трэніраваўся, дзе яму хацелася. Сядзеў і ў Бабруйску, і ў Барысаве, і сюды заязджаў на пару тыдняў, і зноў ад'язджаў. Займаўся пісанінай, а не тым, чым павінен быў займацца. Калі б не адбылося сітуацыі, што Рыбакоў траўміраваўся, а Арамнаў запісаўся ў пісьменнікі, у нас былі б чатыры медаля. І ўсё было б нармальна. Ніякіх правалаў няма. Проста ёсць збег многіх абставінаў, якія неабходна разабраць, і многія моманты трэба ўбіраць...

«Незразумелая сітуацыя з галоўным трэнерам, - паведамляе дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Міхаіл Захаранка. - Скажу так, на сёння ў Аляксандра Ганчарова да канца года падпісаны кантракт. Што будзе далей - невядома».

Выслухаўшы галоўнага і дзяржаўнага трэнераў, журналісты вырашылі звязацца з легендамі беларускай цяжкай атлетыкі.

З чатырох беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў двое (Андрэй Арамнаў і Леанід Тараненка) не шкадуюць моцных выразаў, крытыкуючы сённяшняга галоўнага трэнера. Яшчэ адна легенда (Аляксандр Курловіч, цяпер вядомы суддзя) прытрымліваецца дыпламатычнага нейтралітэту. Не размаўлялі раней толькі з алімпійскім чэмпіёнам Манрэаля-1976 Валерыем Шарыям. З ім і звязваемся.

«Трымаецца за ўладу гэты Ганчароў магілёўскі, нібы іншыя ўсё неразумныя і дурныя, - з месца рэжа Валерый Пятровіч. - Няправільная ў яго стратэгія стаўлення да спартсменаў, да абласцей. Ён ўзурпаваў уладу, і ўсё гэта адбілася на выніку. Слабая методыка, канфліктны чалавек, цяжкі. Калі будзе яго замена, то будзе вынік на наступным этапе».

Валерый Шарый дзеліцца сваім бачаннем работы Аляксандра Ганчарова і не можа дараваць таму, напрыклад, траўму Андрэя Арамнава, якая адбылася перад Гульнямі ў Лондане.

Сённяшні кіраўнік нацыянальнай цяжкаатлетычнай зборнай лічыць, што план па мужчынах на лонданскіх Гульнях не выкананы з-за форс-мажора. Але і сёння некаторыя топавыя спартсмены незадаволеныя трэніравальнымі методыкамі і мікракліматам у зборнай.

Беларускую цяжкаатлетычную зборную трасе і сёння, што наўрад ці спрыяльна адаб'ецца на будучых выніках.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках