23 красавiка 2024, aўторак, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст БХД судзіцца з КДБ

2
Актывіст БХД судзіцца з КДБ

У Магілёве актывіст БХД Алег Аксёнаў праз суд абскардзіць пастаноўку на прафілактычны ўлік у КДБ.

Адпаведную скаргу ён накіраваў сёння, 21 лістапада, у суд Ленінскага раёна Магілёва.

Алег Аксёнаў хоча, каб суд прызнаў яго пастаноўку на прафулік незаконнай, а прафілактычную размову з супрацоўнікамі КДБ неабгрунтаванай. Таксама актывіст хоча атрымаць ад начальніка УКДБ па Магілёўскай вобласці Сяргеенкі пісьмовыя прабачэнні за незаконныя дзеянні, а ад супрацоўніка Махунова - вусныя.

«Я хачу, каб суд вынес прыватнае вызначэнне ў адрас нашага КДБ за дапушчаныя ў дачыненні да мяне грубыя парушэнні заканадаўства. У якасці сведкі ў судзе я хачу бачыць супрацоўніка КДБ Махунова. Акрамя таго, я хачу азнаёміцца на судовым пасяджэнні з маёй прафілактычнай справай», - прыводзіць словы Алега Аксёнава сайт праваабарончага цэнтра «Вясна».

Нагадаем, што 22 кастрычніка Алег Аксёнаў быў выкліканы па мабільным тэлефоне ў КДБ на размову. Там яму паведамілі, што яго ставяць на прафілактычны ўлік. Падставай для гэтага стала дзейнасць актывіста ад імя незарэгістраванай арганізацыі - партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Падчас знаходжання ў КДБ Алег Аксёнаў не падпісваў ніякіх дакументаў.

Адразу пасля сустрэчы са спецслужбамі актывістам БХД была высланая скарга ў Магілёўскае абласное ўпраўленне КДБ, адкуль ён атрымаў адказ, які не мае юрыдычнай сілы.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ліст падпісаны не той службовай асобай, якая паказана ў ім у рэквізіце «подпіс».

«Пад лістом стаяла прозвішча Сергіенкі, аднак подпіс дакладна не яго, так як перад яго пасадай было ручкай напісана слова «намеснік» начальніка УКДБ, а як вядома ён самы што ні на ёсць сапраўдны начальнік КДБ. Тут расшыфроўка подпісу не адпавядае той асобе, якая падпісала адказ. Гэта з'яўляецца парушэннем п.57 Інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Мінюста РБ № 4 ад 19.01.2009 года», - кажа Барыс Бухель.

«Акрамя таго Аксёнаву не выдалі копію дакумента, з якім супрацоўнік КДБ Махуноў яго азнаёміў. Сам жа адказ з КДБ не па сутнасці - у ім не раскрываецца прычына пастаноўкі на прафілактычны ўлік», - працягвае праваабаронца.

Алег Аксёнаў таксама напісаў скаргу ў Магілёўскую абласную пракуратуру на незаконныя дзеянні Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці. Ад пракуратуры актывіст просіць правесці праверку па фактах незаконнай пастаноўкі яго на ўлік і прыцягнуць вінаватых у гэтым асоб да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Нагадаем, што ў Магілёве акрамя Алега Аксёнава на прафілактычным уліку КДБ знаходзіцца яшчэ два актывісты - гэта кіраўнік Магілёўскай абласной партыі БНФ «Адраджэньне» Зміцер Салаўёў і лідэр Магілёўскага гарадскога аргкамітэта БХД Таццяна Шамбалава.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках