19 красавiка 2024, Пятніца, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белавія» штрафуе за адмову ад палёту ў зону баявых дзеянняў

18
«Белавія» штрафуе за адмову ад палёту ў зону баявых дзеянняў

Шмат якія беларускія турысты адмовіліся ад набытых тураў у Ізраіль у сувязі з баявымі дзеяннямі.

«Белавія» спаганяе штраф за ануляванне кожнага квітка, мяркуючы, што ў Ізраілі не ўсё так страшна, пішуць naviny.by.

МЗС Беларусі рэкамендаваў грамадзянам устрымацца ад наведванняў Ізраілю да стабілізацыі становішча.

Мэнэджар у продажах турыстычнай кампаніі «Трэвэллюкс» Іна Ляшко адзначае, што звычайна такой парою ў Ізраілі актуальны як экскурсійны, так і пляжны адпачынак на Мёртвым, Чырвоным моры. Цяпер турысты імкнуцца выбіраць іншыя кірункі, адмаўляюцца ад ужо набытых тураў ці просяць пра перанос дат.

Кажучы пра страты турыстаў пры гэтым, Іна Ляшко адзначыла, што з ізраільскімі партнёрамі дамовіцца атрымоўваецца так, што турыст і тураператар нічога не трацяць. Асноўныя штрафы пры пераносе дат ці адмове ад тура паходзяць ад «Белавіі», якая далей выконвае рэйсы ў Тэль-Авіў, нягледзячы на абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў Ізраілі. Як паведамляе прэс-служба нацыянальнай авіякампаніі, сітуацыя ў аэрапорце Бэн-Гурыён цалкам кантралюецца, усе рэйсы авіякампаніяй выконваюцца з дадатковымі захадамі бяспекі.

Расклад вылетаў з Менска ў Тэль-Авіў застаецца без змен. Цяпер самалёты «Белавія» ў другі памерам горад Ізраілю лётаюць двойчы ў тыдзень.

Ляшко адзначае, што гэта цалкам лагічна, «бо ў Ізраілі не настолькі ўсё дрэнна, каб адмовіцца ад палётаў». З яе слоў, у гэтай дзяржаве цягам гадоў неспакойна, «ваююць бесперапынна, але там умеюць ствараць варункі для абароны людзей, турыстаў у тым ліку». Як адзначыла прадстаўніца «Трэвэллюкс», акурат у мінулую нядзелю «кліентка кампаніі адправілася на прамысловую выставу ў Тэль-Авіў, якую, дарэчы, не скасавалі».

І ўсе ж ваенныя дзеянні адпужваюць большасць турыстаў. Так, усе кліенты кампаніі «Solvex» у Менску, якія зарэзэрвавалі адпачынак на Мёртвым і Чырвоным моры, адмовіліся ад выпраў. Ізраільскія партнёры прынялі гэта з разуменнем. Нягледзячы на тое, што туры былі пацверджаныя, беларускія турысты не страцілі ні шэлега.

«Нягледзячы на запэўніванні нашых партнёраў, што ў турыстычных цэнтрах на Чырвоным і Мёртвым моры спакойна, мы разумеем трывогу нашых кліентаў. Мы зыходзім з таго, што самае важнае — бяспека турыстаў, а не выгада. Права кліента адмовіцца ад выправы ў такой складанай сітуацыі - бясспрэчнае», — адзначыла мэнэджар у продажах «Solvex» Вікторыя Смалярова.

Аднак «Белавія» з кожнага квітка туды-назад за ануляванне спаганяе штраф у суме 100 еўра пры кошце квітка каля 400 еўра. Атрымліваецца, турысты трацяць чвэрць ад кошту квітка. Аргументацыя «Белавіі» такая: надзвычайнай сітуацыі ў Ізраілі няма, вайна не абвешчаная, рэйсы не скасаваныя.

Кампанія «Solvex» звярнулася ў Міністэрства спорту і турызму, а таксама ў МУС з просьбай разгледзець сітуацыю, якая ўтварылася на рынку авіяпаслуг Беларусі, калі манапаліст «Белавія» не выяўляе клопат пра беларускіх турыстаў. «Гэта жорстка - зарабляць на людзях у такой сітуацыі. Людзі адмаўляюцца ад тураў не таму, што проста раздумаліся, а таму, што асцерагаюцца за сваё жыццё», — рэзюмавала Смалярова.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках