20 красавiка 2024, Субота, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ДФР аштрафаваў Льва Марголіна на 1,5 мільёна

7
ДФР аштрафаваў Льва Марголіна на 1,5 мільёна

Крымінальная справа супраць палітыка развалілася і на яго завялі адміністратыўную.

Намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Льва Марголіна Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) аштрафаваў нібыта за «парушэнне правілаў вядзення бухгалтарскага ўліку» на 15 базавых велічынь. Перад гэтым палітыка спрабавалі прыцягнуць і да крымінальнай адказнасці. Пра гэта ён распавёў сайту charter97.org:

«Ёсць у нас такі Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) - фінансавая міліцыя, якая як правіла займаецца сур'ёзнымі эканамічнымі злачынствамі, якія нанеслі шкоду бюджэту і дзяржаве. Мяне ж яны аштрафавалі за маю палітычную дзейнасць».

Па словах Льва Марголіна, ДФР супаставіў яго выезды за мяжу, ці выпадалі яны на працоўныя дні:

«Праверка па маім месцы працы пачалася роўна за дзень да маёй рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў «дэпутаты» на «парламенцкіх выбарах» і доўжылася практычна тры месяцы. За гэты час мяне тройчы выклікалі на размовы. Зачапіцца было практычна няма за што. Я працую на палову стаўкі, таму ў табелі ў мяне кожны дзень стаіць чатыры гадзіны працы. Быў зроблены запыт у Дзяржаўны памежны камітэт, калі я перасякаў мяжу за апошнія тры гады. Была зробленая праверка, якія з гэтых выездаў прыпадаюць на выходныя дні, якія на працоўныя».

Пасля гэтага фінансавая міліцыя зацікавілася ў кіраўніцтва прадпрыемства, ці зніжалася ў палітыка зарплата за выезд з краіны ў працоўныя дні:

«Дырэктар адказаў, што не зніжалася і гэта сапраўды так. Часам бухгалтару прыходзіцца працаваць па восем гадзін, а часам няма працы - кожны дзень па чатыры гадзіны не атрымліваецца. Таму мы загадзя дамовіліся з дырэктарам у працоўнай дамове аб сумаваным уліку працоўнага часу. Па факце выканання поўнага аб'ёму работ бухгалтарскага ўліку ў канцы месяца падводзіцца вынік».

Спачатку на Льва Марголіна хацелі распачаць крымінальную справу, але яна не пайшла:

«Спачатку планавалі завесці на мяне крымінальную справу. Верагодна, за «крадзеж у прадпрыемства» - яны ўяўлялі сабе, што калі былі лішнія гадзіны, значыць, у мяне была лішняя зарплата. Ці можа быць за «махлярства», я дакладна не ведаю. Але паколькі ў іх гэта не атрымалася, шкоды ніякай не было - быў інкрымінаваны артыкул Адміністрацыйнага кодэксу «парушэнне правілаў вядзення бухгалтарскага ўліку». Артыкул гэты вельмі расплывісты і пакаранне за яго - ад чатырох да 20 базавых велічынь».

Палітык лічыць, што на самой справе яго аштрафавалі за палітычную дзейнасць:

«Улічваючы, што памер штрафу быў вызначаны блізкі да максімальнага - 15 базавых велічынь, у мяне застаецца адзіная выснова, што гэта па палітычных матывах».

Нагадаем, 21 лістапада падатковая інспекцыя шукала намесніка старшыні «Маладога фронту» Мікалая Дземідзенку. У яго цікавіліся, на якія сродкі актывіст ездзіць за мяжу. Таксама 21 лістапада за «парушэнне парадку прадастаўлення падатковай дэкларацыі» на 500.000 рублёў быў аштрафаваны гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Не так даўно Міністэрства па падатках і зборах па Фрунзенскім раёне Менска запатрабавала ад кіраўніка грамадскага аб'яднання «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Волчака дэкларацыю аб даходах і маёмасці за апошнія дзесяць гадоў. Раней падатковая інспекцыя патрабавала падобную дэкларацыю ад старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках