25 красавiка 2024, Чацвер, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збітаму ў міліцыі пагражае 10 гадоў турмы

89

Інфармацыйна-асветная ўстанова «Платформа» правяла прэсавую канферэнцыю з удзелам Васіля Сарочыка, збітага супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага раёну Менску.

Юрысты і праваабаронцы заяўляюць, што катаваннямі ў спадара Сарочыка вымагалі прызнання ў злачынстве, якое караецца пазбаўленнем волі да дзесяці гадоў.

Як паведамляе «Радыё Свабода» Ахоўнік аўтастаянкі Васіль Сарочык кажа, што збіццём, здзекамі і пагрозамі ў Ленінскім райаддзеле міліцыі дамагаліся, каб ён прызнаўся ў крадзяжы мармуровай пліты коштам сем тысяч даляраў. На аўтастаянцы яе пакінуў прыватны прадпрымальнік па прозвішчы Безручонак, у якога Васіль Сарочык працаваў раней. Сваё затрыманне і збіццё пацярпелы лічыць помстай спадара Безручонка, з якім у яго склаліся канфліктныя адносіны:

«Гэтая следчая Багданоўская казала мне таксама, што я пакраў акумулятары на аўтастаянцы, зліваў з машын салярку, ускрываў кіёскі — вось усе гэтыя паклёпы бяздоказныя гэты Безручонак ёй выклаў, бо мы варагуем з ім два гады. Бо калі мяне гэтая Багданоўская дапытвала, то ён з ёй увесь час трымаў сувязь».

Кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка кажа, што праваабарончая арганізацыя ўпершыню спатыкаецца са сведчаннем таго, што ў катаваннях затрыманых удзел бярэ жанчына. Што ж тычыцца збіцця людзей у міліцэйскіх пастарунках, і ў прыватнасці ў Ленінскім райаддзеле, то гэты факт далёка ня першы.

«Кабінет 235 і Ленінскі райаддзел міліцыі фігуруюць не ў адным выпадку збіцця людзей. Нам вядомыя некалькі такіх прыкладаў, і мы знайшлі гэтых людзей. Але ў гэтым выпадку факт яшчэ больш абуральны, бо ў катаваннях удзельнічалі ня проста супрацоўнікі міліцыі, а жанчына. Як мы называем, кабінет 235 — тэрыторыя катаванняў Ленінскага РУУС», - гаворыць праваабаронца

Праваабаронцы заяўляюць, што паводле абвінавачанняў, выстаўленых на словах Васілю Сарочыку, яму пагражае да дзесяці гадоў турмы. Але затрыманне і допыт праводзіліся без складання пратаколу і без захавання многіх іншых працэсуальных нормаў. Зараз па гэтых фактах праводзіцца праверка, вынікам якой могуць быць два варыянты далейшых падзеяў, кажа кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

«Могуць адмовіць у завядзенні крымінальнай справы з тае прычыны, што, маўляў, ён сам сябе прыкаваў да батарэі і біўся галавой. Альбо распачаць крымінальную справу — адно з двух рашэнняў мусяць прыняць. Я лічу, што ўладам пара спыніць гэтую заганную практыку адмаўляць у завядзенні крымінальных спраў у выпадку відавочнага парушэння законнасці. І калі б усе беларусы гэтак жа дамагаліся сваіх правоў, то мы б ужо ў іншай краіне жылі».

У гэтай справе праваабаронцы таксама маюць намер звярнуцца з запытам да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках