29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Улады не выканалі ні адно рашэнне Камітэта ААН

34
Гары Паганяйла: Улады не выканалі ні адно рашэнне Камітэта ААН

Праваабаронца лічыць, што прызнанне парушэнняў у справе Уладзіслава Кавалёва не паўплывае на беларускія ўлады.

Нядаўна камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што ў дачыненні да расстралянага Уладзіслава Кавалёва быў парушаны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, яго права на жыццё. У інтэрв'ю сайту charter97.org кіраўнік юрыдычнага аддзела беларускага аддзялення Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла адзначыў, што беларускія ўлады наўрад ці адрэагуюць на рашэнне ААН:

«У Беларусі існуе сапраўды сур'ёзная праблема, звязаная з рэалізацыяй рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, куды нашы грамадзяне маюць права звяртацца з індывідуальнымі скаргамі. З аднаго боку, дзяржава прызнала права беларусаў пасля вычарпання ўнутраных сродкаў абароны звяртацца ў Камітэт, а з другога боку яна не выконвае тых рашэнняў, якія прымаюцца гэтым высокім міжнародным інстытутам».

Па словах юрыста, беларускія ўлады не выканалі ні адно рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека:

«Камітэтам прынята ўжо больш за 20 рашэнняў на карысць нашых грамадзян па розных пытаннях парушэнняў праў чалавека, але ні адно з іх не рэалізавана. Дзяржава не жадае аднавіць правы нашых грамадзян. На словах Беларусь гатовая супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі і структурамі ААН па забеспячэнню праў чалавека, а па факце яна з'яўляецца дзяржавай, дзе гэтыя правы груба парушаюцца, прычым сістэматычна».

Праваабаронца тлумачыць, чаму ўлады нашай краіны не адрэагуюць на рашэнне Камітэта ААН:

«Беларусь - не дэмакратычная краіна. У ёй сфарміравана ўлада паліцэйскай дзяржавы, дзе пануе закон сілы. Улада абапіраецца толькі на сілу і не хоча выслухоўваць крытыку ў свой адрас. Яна заяўляе, што пазіцыя сусветнай супольнасці палітызаваная, што гэта пакаранне за тое, што Беларусь праяўляе сваю самастойнасць і гэтак далей».

Людміле Кавалёвай нават не паведамяць, дзе пахавана цела яе сына, лічыць эксперт:

«Спадзявацца на тое, што гэта чарговае рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека будзе нейкім чынам хоць самую драбніцу рэалізавана, не варта. Не будзе перагледжаны прысуд, не будуць рэабілітаваныя ўжо расстраляныя, бацькам не выдадуць целы сыноў і іх рэчаў, якія, напэўна, ужо знішчаны. Не назавуць нават сённяшняга месца пахавання, каб сваякі маглі прыйсці і аплакаць расстраляных».

Але ў будучыні рашэнне Камітэта ААН па Уладзіславу Кавалёву абавязкова прывядзе да перагляду яго справы, упэўнены Гары Паганяйла:

«Калі ў Беларусі будзе дэмакратычная ўлада, вядома ж да ўсіх рашэнняў Камітэта будзе звернута ўвага і па магчымасці яны будуць рэалізаваныя. Мы дамагаемся таго, каб на заканадаўчым узроўні быў прыняты прававы механізм для рэалізацыі гэтых рашэнняў. Каб можна было перагледзець справы па наноў адкрыўшыхся абставінах, вынесці пратэсты на падставе рашэнняў Камітэта, каб можна было выплаціць маральную кампенсацыю за нанесеную шкоду. Вядома, расстраляных не вернеш да жыцця, але нешта зрабіць для рэабілітацыі іх імёнаў можна, як і пакрыць маральную шкоду, нанесеную бацькам за неабгрунтаванае асуджэнне і расстрэл. Дзяржава можа шмат зрабіць для таго, каб рэабілітаваць тых, хто трапіў пад жорны улады».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках