Перамовы аб продажы «Беларуськалія» вядуцца з 5 кампаніямі
18- 27.11.2012, 17:33
Перамовы вядуцца з кампаніямі з Індыі, Кітая, Еўропы, арабскіх краін.
Пра гэта распавёў Аляксандр Лукашэнка 26 лістапада ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Рэйтэр», паведамляе БелТА.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не стаў удакладняць, якія менавіта кампаніі праяўляюць цікавасць да куплі «Беларуськалія». «Калі мы дамовімся, мы назавем гэтыя кампаніі», - сказаў ён.
Па словах кіраўніка, перамовы ідуць дзесьці з вясны. «Я думаю, ёсць прагрэс», - дадаў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што не бачыць парушэнняў з боку Беларусі ў экспарце «растваральнікаў».
«Сапраўды, у асноўным расейскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі і ў Расеі, куплялі, напрыклад, дызельнае паліва з высокім утрыманнем серы, але яно не магло быць на рынку, а нафтаперапрацоўчыя заводы ці то не былі зацікаўленыя, ці то ледзь не маглі ажыццявіць глыбіню перапрацоўкі і ўбраць гэтую лішнюю серу. Гэтыя кампаніі, якія ў нас зарэгістраваныя, купілі ў іх па высокім кошце гэта дызельнае паліва з высокім утрыманнем серы, прывезлі на нашыя заводы, ачысцілі яго і стварылі біяпаліва (па-мойму, у немцаў яны, я разбіраўся, куплялі нейкія дадаткі біялагічныя і іншае). Ачысціўшы гэта дызельнае паліва, ажыццявілі гэтыя дадаткі, зрабілі біядызель і прадалі на еўрапейскіх рынках. Што тут такога? Купілі зыходную сыравіну, перапрацавалі і прадалі. Не забаронена», - распавёў ён.
«Аб'ёмы, вядома, былі прыстойныя тут. І гэта насцярожыла расейцаў. Яны нам пра гэта сказалі. На што я ім адказаў: «Хлопцы, калі вы лічыце гэта няправільным, я з вамі не згодны. Калі вы лічыце, што гэта вам недасканала, добра, мы не будзем вырабляць гэты тавар». «Мы ўжо месяц не вырабляем. Ці ў мінімальных колькасцях вырабляем гэты тавар», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Дыктатар у інтэрв'ю таксама падкрэсліў, што Беларусь ацэньвае кантрольны пакет акцый МТС больш чым у $1 млрд. і не мае намеру зніжаць кошт.
«МТС» - вельмі прыбытковая кампанія. І сапраўды так, як з «Беларуськаліем», мы не спяшаемся яе прадаваць. Але былі настойлівыя просьбы да гэтага. Мы зноў вымушаныя былі ацаніць гэтую кампанію. Сёння кантрольны пакет акцый гэтай кампаніі каштуе больш за $1 млрд. Мы гэта ведаем дакладна, у нас ёсць пацвярджэнне ўсяго гэтага», - сказаў ён.