23 красавiка 2024, aўторак, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Сарочык: У нас на працы вайна - усіх дапытваюць

52
Васіль Сарочык: У нас на працы вайна - усіх дапытваюць

Ахоўнік менскай аўтастаянкі Васіль Сарочык, збіты супрацоўнікамі міліцыі ў Ленінскім РУУС, адмовіўся ад удзелу ў следчым эксперыменце без прысутнасці адваката.

Супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта горада Менска, якія праводзяць расследаванне факту збіцця Васіля Сарочыка, адмовілі яму ў прысутнасці грамадзянскага прадстаўніка ў ходзе допыту, які праводзіўся напярэдадні, паведамляе «Радыё Свабода».

Пісьмовую заяву аб тым, што ён адмаўляецца ад удзелу ў следчым эксперыменце і далейшым удзеле ў расследаванні без прысутнасці адваката, Васіль Сарочык падаў у Следчы камітэт уласнаручна, а цяпер піша яшчэ адно хадайніцтва:

«Яны прынялі заяву, сказалі - маўляў, шукайце адваката. Адвакат ўжо ёсць, але трэба яшчэ скласці з ім дамову. Разам з «Платформай» таксама пішам хадайніцтва, каб у следчым эксперыменце ўдзельнічалі журналісты. Трэба раскруціць гэтую справу цалкам, бо могуць або падмануць, або яшчэ што. Бо верыць на слова, асабліва міліцыі - ну іх да чорта».

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа», якая падтрымлівае Васіля Сарочыка юрыдычна, заяўляе: тое, што прадстаўніцы «Платформы» не дазволілі прысутнічаць на допыце пацярпелага ў Следчым камітэце ў якасці грамадзянскай прадстаўніцы, і стала падставай не давяраць правамернасці далейшых дзеянняў у дачыненні да Васіля Сарочыка.

«Натуральна, мы асцерагаемся ціску на Васіля Мікалаевіча з боку органаў, якія праводзяць праверку. Бо практычна на сто адсоткаў упэўненыя, што яны не зацікаўленыя, каб разабрацца, што сапраўды адбывалася ў Ленінскім РУУС. Каб гарантаваць мужчыну бяспеку, разам з ім было прынятая пастанова, што ягоны адвакат будзе ўсюды яго суправаджаць », - сказала прадстаўніца «Платформы» Алена Красоўская-Каспяровіч.

Між тым наступствы здарэння з Васілём Сарочыкам закранулі і аўтастаянку, дзе ён працуе. Вось што паведаміў спадар:

«Ой, тут наогул вайна. Тут усіх дапытваюць праз тэлефон, у Ленінскі РУУС нікога не выклікаюць. Прыехалі, узялі спісы ўсіх нашых сталых кліентаў і цяпер тэлефануюць - усіх дапытваюць. На базары «Свелта» таксама дапытваюць, хоць мы ніякага дачынення да базару не маем - Бог ведае, што тут робіцца. Але ўсе мяне падтрымліваюць. На стаянцы падтрымліваюць, кажуць - пярэварацень у пагонах, яе судзіць трэба. А так - усё нармальна».

У аддзеле міліцыі Ленінскага раёна Мінска ад каментароў у справе Васіля Сарочыка па-ранейшаму адмаўляюцца.

Нагадаем, вартаўніка аўтастаянкі 6 гадзін катавалі ў Ленінскім РУУС Мінска. Супрацоўніца РУУС у цывільным надзела на Сарочыка кайданкі (у становішчы рукі за спінай) і пачала збіваць паджылага мужчыну, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на аўтастаянцы.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках