28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам ёсць чым ганарыцца

6

У Варшаве адбыўся паказ фільма пра ўдзельнікаў падзей у Менску 19 снежня 2010 года.

Дакументальны фільм «Даволі! Да Волі...» зняты па замове тэлеканала «Белсат». Карціна распавядае пра ўдзельнікаў дэманстрацыі супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Фільм рэжысёраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы быў адзначаны ўзнагародай публікі як лепшы дакументальны фільм на кінафестывалі OFF у харвацкім горадзе Опузен.

Пасля яго прагляду адбылася дыскусія, удзельнікі якой спрабавалі разабрацца, ці мяняецца сітуацыя ў Беларусі, а калі мяняецца, то ў які бок.

На думку дырэктара тэлеканала «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, перамены ў Беларусі, нягледзячы ні на што, адбываюцца. І адбываюцца яны, перш за ўсё ў розумах беларускіх грамадзян:

«Мала хто мог падумаць, што 19 снежня 2010 года ўлады будуць дзейнічаць так брутальна. Хоць я і не палітолаг, аднак магу выказаць здагадку, што Лукашэнка такім чынам адрэагаваў на пратэсты, таму што страціў падтрымку большасці беларусаў. І ён гэта ведае. Я неаднаразова спрачалася з сацыёлягам Манаевым, які таксама сцвярджаў, што высокі адсотак беларусаў па-ранейшаму падтрымлівае Лукашэнку. Я ў гэта не веру. Так, большасць з нязгодных пакуль не гатовыя ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, але яны не падтрымліваюць уладу. І гэта факт».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка адзначыў, што Плошчы ў такім выглядзе, у якім яна была 19 снежня 2010 года, ужо не будзе, а таксама падкрэсліў неабходнасць распрацоўкі новых стратэгій барацьбы з дыктатарам:

«Трэба змагацца і думаць, як лепш супрацьстаяць дыктатуры. І ў той жа час неабходна памятаць, што наша сіла ў тым, што мы выкарыстоўваем толькі негвалтоўны супраціў.

Шчыра кажучы, фільм мне не вельмі спадабаўся, я лічу яго вельмі дэпрэсіўным. І, як адзначыла Агнешка Рамашэўская-Гузы, гэта фільм не пра Плошчу 2010 года, а пра рэпрэсіі пасля яе. Лепшым дакументальным фільмам пра беларускі супраціў лічу фільм «Адважнае сэрца» з удзелам Мэла Гібсана. Беларусам ёсць чым ганарыцца. Гэта і Маршы Свабоды, і Плошчы 2006 і 2010 гадоў».

Што тычыцца рэальнага ціску ЕЗ на рэжым, Зміцер Бандарэнка лічыць, што наўрад ці ў бліжэйшы час Еўропа будзе рабіць нешта канкрэтнае:

«Дыктатура ў Беларусі існуе даўно і з'яўляецца выклікам для Еўразвяза. Аднак ніякіх рэальных канкрэтных крокаў ЕЗ не прадпрымае, і ў бліжэйшы час наўрад ці зробіць. Мне здаецца, павінен адбыцца нейкі інфармацыйны «выбух», каб Еўразвяз прачнуўся. Стратэгія ЕЗ заўсёды засноўвалася на тым, каб стварыць вакол сябе кальцо стабільнасці. Яна першапачаткова была памылковай. Таму гадамі падтрымліваліся рэжымы ў Лівіі, Тунісе, Алжыры, Егіпце, на працягу многіх гадоў Захад супрацоўнічаў з Мілошавічам. І сёння ёсць непрыкметная, але падтрымка рэжыму Лукашэнкі Еўропай. Напрыклад, за апошнія два гады ў два разы вырас тавараабмен паміж Беларуссю і ЕЗ, у тым ліку і з Польшчай».

Яшчэ адзін непасрэдны ўдзельнік акцый пратэсту 19 снежня 2010 года, дырэктар Беларускага дома ў Варшаве, Зміцер Бародка лічыць, што будучыня Беларусі можа быць вырашана толькі на плошчы, а таксама адзначыў рост ўплыву палітычных эмігрантаў з Беларусі ў ЕЗ:

«Альтэрнатывы Плошчы няма і быць не можа. Калі мы ўспомнім, як развіваліся падзеі ў тых краінах, якія перайшлі ад дыктатуры да дэмакратыі, пабачым, што інструментам пазбаўлення дыктатара ўлады былі менавіта вулічныя пратэсты. Не будзе іншых варыянтаў і ў Беларусі. Можа быць тэхналагічна гэта будзе выглядаць па-іншаму. Дыктатар сам ўладу не аддасць. Зараз вядзецца шмат размоў пра тое, што не было адзінага кандыдата, спрэчак, варта апазіцыі аб'ядноўвацца ці не. Але ж усё роўна ў дэмакратычных кандыдатаў была адзіная мэта: яны заклікалі людзей выйсці на плошчу і выказаць пратэст супраць фальсіфікацый на выбарах. У Еўропе ўзрастае роля беларускіх палітычных эмігрантаў. І нам падаецца шанец распавесці пра рэальныя праблемы ў Беларусі, што менавіта неабходна дэмакратычнай супольнасці.

Мы павінны быць гатовыя выкарыстоўваць той момант, калі справы ў дыктатуры пойдуць зусім дрэнна. Калі нам дадуць магчымасьць, мы выкарыстуем яе на 100 адсоткаў».

Прадстаўнік Amnesty International Гжэгаж Жукоўскі лічыць, што самае галоўнае для людзей, якія жывуць ва ўмовах дыктатуры, а таксама для палітвязняў - адчуваць падтрымку і салідарнасць іншых людзей:

«Мае непасрэдныя абавязкі як работніка Amnesty International - спрыяць зацікаўленасці простых жыхароў Польшчы і ЕЗ сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Мы заклікаем людзей пісаць лісты палітвязням, расказваць знаёмым аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Самае галоўнае - праявіць салідарнасць. У канцы верасня ў нашу арганізацыю прыйшоў ліст ад Алеся Бяляцкага. Ён напісаў, што ў дзень нараджэння атрымаў больш за 200 лістоў з віншаваннямі. І гэта надало яму сіл».

Праваабаронца Вольга Саламаціна з Хельсінскага камітэта патлумачыла чаму менавіта Беларусь, а не Расея ці Украіна, дзе таксама парушаюцца правы чалавека, пастаянна знаходзіцца ў фокусе ўвагі яе арганізацыі:

«Беларусь не з'яўляецца членам Савета Еўропы і не адказвае перад Еўрапейскім судом па правах чалавека. Акрамя таго, у Беларусі ўжываецца смяротнае пакаранне. Гэта тое, што не дае гаварыць пра Беларусь як пра цывілізаваную краіну. Сам спосаб пакарання, жорсткае абыходжанне з людзьмі, якія асуджаюцца на дадзеную меру, таксама выклікаюць пратэст у цывілізаваным свеце. Дарэчы, зусім нядаўна Камітэт ААН па правах чалавека прыняў канчатковае рашэнне па справе Уладзіслава Кавалёва і прызнаў факт парушэнняў з боку беларускіх улад. Звычайныя людзі ў Беларусі жывуць з пачуццём несправядлівасці і страху пра тое, што можа адбыцца ўсё што заўгодна. У людзей назапасілася шмат пытанняў, а адказаў на іх няма».

Арганізатарам паказу фільма і дыскусіі выступіў праект palitviazni.info.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках