20 красавiка 2024, Субота, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Бураўкін: Дыктатура хоча «адмыць» свой імідж на Захадзе

23
Генадзь Бураўкін: Дыктатура хоча «адмыць» свой імідж на Захадзе

Патрабаванне пашырыць міжнароднае вяшчанне БТ выклікана імкненнем уладаў палепшыць свой імідж.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю camarade.biz выказаў былы старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанню Генадзь Бураўкін.

- Генадзь Мікалаевіч, Лукашэнка загаварыў пра мадэрнізацыю НДТРК. Як, па-вашаму, гэта сур'ёзныя намеры або даніна модзе? Мадэрнізацыя - слоўца моднае ў апошнія месяцы...

- Не сумняваюся, што прафесійна Беларускае тэлебачанне мае патрэбу ў сур'ёзнай мадэрнізацыі. Аднак не думаю, што мы з Аляксандрам Рыгоравічам пад мадэрнізацыяй разумеем адно і тое ж. Каб БТ глядзелі і глядзелася - патрэбна перабудова не проста ўнутры калектыву, але і ў прынцыпах вяшчання.

- Што Вы маеце на ўвазе, кажучы аб прынцыпах вяшчання?

- Тэлебачанне - магутнае СМІ, якое павінна распавядаць аб рэальным жыцці вакол нас, аб праблемах, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень. Не займацца прапагандай, не штурхаць лозунгі, а паказваць рэальнае жыццё. Тэлебачанне павінна выклікаць у гледача жаданне задумацца - што адбываецца ў нас і што ў суседзяў, падумаць і самастойна зрабіць высновы. Натуральна, пры дапамозе аналітыкаў, пры дапамозе журналістаў. Тэлебачанне павінна паказваць аб'ектыўную карціну жыцця, а не аднабокі глянец.

- Генадзь Мікалаевіч, у першую чаргу Лукашэнка загаварыў аб міжнародным тэлевяшчанні НДТРК. Калі раней ён здавольваўся насаджэннем прапаганды ўнутры Беларусі, то цяпер плануе распаўсюдзіць за межы краіны. Што здарылася?

- Я ня гляджу міжнародны тэлеканал. Падобна на тое, што ён уяўляе сабой ілюстраваны глянцавы часопіс. Чаму занепакоены іміджам за мяжой? Прапагандысты бачаць, што пасля падзей снежня 2010 года забяспечылі сабе ўсё, зачысцілі грамадскую думку ад апазіцыі і іншых «пятых калон», таму ўнутры краіны адчуваюць сябе спакойна. Але хацелі б яшчэ, каб іх прынялі і за мяжой, дзе Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы, ценем Савецкага Саюза.

- Штаты НДТРК падлягаюць скарачэнню на 25-30%. Як думаеце, каго «пусцяць пад нож»?

- Мне цяжка казаць. Тэлебачанне - творчы калектыў, да кожнага супрацоўніка трэба падыходзіць індывідуальна. Трэба ацэньваць узровень прафесіяналізму, чалавечыя якасці, глядзець на ўнутраны свет чалавека. Ёсць магчымасці падскараціць штаты. Але каго скарачаць - вось гэта мяне турбуе больш за ўсё. Таму што перад вачыма - прыклад Сяргея Дарафеева, сапраўднага журналіста, прафесіянала. Калі пад скарачэнне патрапяць таленавітыя журналісты, то ўсё скончыцца тым, што на беларускім тэлебачанні не застанецца прафесіяналаў. Я бачу, што на тэлебачанні дэфіцыт аператараў, не хапае рэжысэраў. Не бачу журналістаў, якія ўлазяць у праблемы, спрабуюць разабрацца, хай і памыліцца пры гэтым. Прабачце мяне, але такіх журналістаў на Беларускім тэлебачанні ў апошні час я не бачу.

- А як Вы ў цэлым ацэньваеце прафесійны ўзровень БТ?

- Не часта гляджу Беларускае тэлебачанне. Тое, што я бачу, не задавальняе мяне па трох пазіцыях - адсутнічаюць беларускасць, інтэлектуальнасць, прафесіяналізм. Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, чым любіць казыраць беларускае кіраўніцтва, трэба пераймаць еўрапейскія стандарты ў працы і тэлебачання.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка пасля сілавікоў узяўся за тэлебачанне. Падчас дакладу старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, ён акунуўся ў праблемы міжнароднага вяшчання НДТРК. Акрамя гэтага, была паднятая тэма скарачэння штатаў тэлерадыёкампаніі на 25-30%. І трэцяя праблема - рэзкае скарачэнне дзяржфінансавання.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках