19 сакавiка 2024, aўторак, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хрысціяне свету - у падтрымку «Новага жыцця»

39
Хрысціяне свету - у падтрымку «Новага жыцця»

У адрас царквы «Новае жыццё», у якой улады хочуць адабраць будынак, паступаюць лісты са словамі падбадзёрвання і падтрымкі з усяго свету.

Як паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін, звароты прыходзяць з розных краін. «У нас вельмі шмат сяброў, і нашыя сябры-хрысціяне выказваюць заклапочанасць сённяшняй сітуацыяй у сувязі з лістом з Вышэйшага гаспадарчага суда, у якім у самы кароткі тэрмін прапануецца вызваліць будынак царквы», - сказаў Луканін.

Ён адзначыў, што многія хрысціяне Амерыкі пішуць пра тое, што разаслалі навіну пра царкву «Новае жыццё» сваім сябрам і іншым цэрквам, зрабілі апавяшчэнне для прэзідэнта і кангрэса ЗША, напісалі пратэсты ў беларускую амбасаду ў ЗША, піша БелаПАН.

«Мы разумеем, што д'ябал спрабуе перашкодзіць працы Божай. Той, Хто ў вас, больш таго, хто ў гэтым свеце. Зробім усё, што ад нас залежыць, каб зрабіць гэтую навіну здабыткам грамадскасці. Будзем таксама маліцца», - працытаваў Луканін пасланне хрысціян з Масачусетса .

Пасланні са словамі падтрымкі прыйшлі таксама з Ізраіля, Аўстраліі, Германіі, Ірландыі. «У іх лістах гучыць заклік не здавацца», - сказаў Луканін.

Акрамя таго, яму вядома аб тым, што многія хрысціяне накіроўваюць індывідуальныя і калектыўныя лісты з патрабаваннем спыніць пераслед царквы ў адрас дзяржаўных органаў Беларусі. «Многія цэрквы пачалі праводзіць спецыяльныя набажэнствы - яны моляцца за нас і ў нашу падтрымку», - паведаміў юрыст абшчыны.

Як паведамлялася раней, на 5 снежня гаспадарчы суд Менска прызначыў прымусовае высяленне рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» з дома № 72 па вуліцы Кавалёва. Адпаведнае прадпісанне абшчына атрымала 27 лістапада. Прымусовае высяленне, як гаворыцца ў дакуменце, прызначана «на падставе судовага загаду гаспадарчага суда горада Менска па справе № 526-12/2009 ад 23 кастрычніка». Кіраўніку царквы прадпісана да 11.00 5 снежня «вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы спагнанніку».

28 лістапада савет царквы прыняў рашэнне пачаць кругласутачную малітву за захаванне свайго будынка. 24 гадзіны ў суткі вернікі будуць знаходзіцца ў будынку царквы і «прасіць Бога аб тым, каб ён паразуміў улады і каб ён нам давёў планы аб тым, што рабіць, і як рэагаваць на дзеянні ўладаў», сказаў Луканін. Акрамя таго, штодня ў 19.00 будуць праходзіць спецыяльныя малітоўныя служэнні ў абарону і падтрымку царквы.

Вернікі нават не разглядаюць варыянт добраахвотнага высялення з будынка, які больш за 20 гадоў таму яны пабудавалі на месцы кароўніка, які разваліўся, падкрэсліў юрыст абшчыны.

Каля сямі гадоў Менгарвыканкам спрабуе выселіць царкву «Новае жыццё» з займанага будынка. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, вылучаным ёй у бестэрміновае карыстанне.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы «Новае жыццё», у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Галадоўнікі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спыненая пасля таго, як уладам прыйшлося адступіць - сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону «Новага жыцця» актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕЗ, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні.

Тым не менш у 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы, а ў ліпені 2010-га гаспадарчы суд Менска наклаў на абшчыну санкцыі на 258 млн. рублёў за «забруджванне навакольнага асяроддзя». Вернікі палічылі дзеянні ўлад незаконнымі і вырашылі не выплачваць гэтую суму. Апошнія паўтара года, прыкладна з траўня 2011 года, улады не рабілі ніякіх дзеянняў у дачыненні да царквы.

За 20 гадоў існавання «Новае жыццё» атрымала больш за тры дзесяткі судовых пазоваў, пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін неаднаразова падвяргаліся ціску з боку ўладаў, у тым ліку адміністрацыйнаму пераследу.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках