24 красавiка 2024, Серада, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыгоды замежных турыстаў у гомельскім аэрапорце

48
Прыгоды замежных турыстаў у гомельскім аэрапорце

З Варшавы да Менска пасажыры «Белавія» дабіраліся 13 гадзін.

З-за моцнага туману 26 лістапада «варшаўскі» самалёт «Белавія» замест Менска прыляцеў у Гомель, перадае «Еўрарадыё».

«У выніку пасажыры прыбылі ў сталіцу на некалькі гадзін пазней», - аптымістычна супакоіў тэлеканал Беларусь-1.

«Наш госць, прафесар Варшаўскага універсітэта Анджэй Яноўскі здолеў дабрацца да Менска толькі ў 3 гадзіны ночы», - абвяргае дадзеныя тэлеканала Інэса Кур'ян, якая сустракала прафесара ў Менску.

Інэса чакала свайго 77-гадовага госця ў аэрапорце «Менск-2» з 14 гадзін дня да 21-й вечара. Добра,людзям, якія сустракаюць, хоць бы сказалі, што самалёт накіраваўся ў іншы аэрапорт:

«Прафесар распавёў, што ім увогуле ніхто не сказаў, што яны прызямліліся ў Гомелі! І толькі калі апынуліся ў нейкай зале, высветлілася, што гэта Гомель! Людзей зачынілі там - гомельскі аэрапорт не мае магчымасці выдаваць візы. Такія службы ёсць толькі ў менскім аэрапорце. Сказалі, што сядзець у зале будуць, пакуль да іх не прыедзе адпаведная служба».

«Служба» прыехала праз 5 гадзін з Менска, каб паставіць візу італьянскаму турысту. Пашанцавала тым, у каго была нейкая «заначка».

«Ніхто нікога не карміў! Ім далі гарбату і нічога іншага. І пасажыры дзяліліся нейкімі сваімі булкамі, якія ў каго былі», - сказала Інэса Кур'ян.

Праз 5 гадзін памежна-візавыя пытанні вырашылі і пасажырам прапанавалі па жаданні самім вырашаць, што далей рабіць. Таму што накіраваны з Менска самалёт-выратавальнік... не змог прызямліцца ў Гомелі. Некалькі палякаў ужо збіраліся наймаць бус да Менска, як стала вядома, што беларускі авіяперавозчык усё ж даставіць іх у сталіцу - на аўтобусе. І тыя 14 чалавек з 40 пасажыраў, якія яго дачакаліся, у сталіцу патрапілі ў 3 гадзіны ночы.

Пасажыры сапраўды крыху затрымаліся, прызнае намеснік дырэктара Гомельскага аэрапорта Анатоль Кірсанаў. Але выключна з-за таго, што чакалі іншага самалёта з Менска. І памежнікі з візамі тут абсалютна ні пры чым!

«У нас мытнік дзяжурны знаходзіцца цэлыя суткі тут. І памежнікі цэлыя суткі тут. У сувязі з тым, што самалёт ужо не вылятаў у Менск, а вызначылася доўгая затрымка, прыехаў яшчэ дадаткова начальнік аддзела, і сядзелі мы тут усё разам, хадзілі туды- сюды. І тыя, каму трэба было, на працягу гадзіны забралі свой багаж і з'ехалі ад нас», - сказаў Анатоль Кірсанаў.

Праўда, прызнаецца, што гэта былі тыя шчасліўцы-беларусы, якіх альбо здолелі сустрэць, ці каму трэба было ў Мазыр або Жлобін. Астатнія да 21.30 нібыта спакойна елі печыва-шакалад з кавай-гарбатай, чакалі аўтобус да Менска і дзякавалі гамяльчан за добрую арганізацыю сустрэчы.

Вось і польская амбасада, мабыць, вырашыла «аддзячыць» «Белавія». Па словах дарадцы амбасады Альжбеты Шчэпаньскай-Дамброўскай, яны рыхтуюць адпаведны ліст да кампаніі.

Дарэчы, як паведамляюць у памежным камітэце, Гомельскі аэрапорт сапраўды не падрыхтаваны да сустрэчы «незапланаваных» замежнікаў без віз:

«Гомельскі аэрапорт - запасны, ён не стаіць у сетцы міжнародных. І таму консульскіх устаноў нашага МЗС там няма».

Гэта пацвярджаюць і ва Упраўленні па пытаннях ўезду замежнікаў МЗС Беларусі. Таму, сапраўды, паставіць замежніку візу ў Гомелі няма каму. І ў бліжэйшы час уводзіць у мясцовым аэрапорце такую паслугу не плануецца.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках