29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ноч зніжак у ГУМе: з прылаўкаў змяталі ўсё (Фота)

185

Зніжкі ў 12% выклікалі небывалы ажыятаж сярод менчукоў.

Кожную хвіліну з 21.00 да паўночы ў ГУМ прыходзіла ўсё больш і больш патэнцыйных пакупнікоў. Попыт быў на ўвесь тавар, пачынаючы ад бялізнавых прышчэпак і заканчваючы тканінай і дыванамі. Самая вялікая чарга была ў аддзеле жаночых калготак і панчох, каля 30 жанчын нястомна чакалі магчымасці нарэшце набыць запаветны тавар, піша «Наша Ніва».

«Я разумею, калі стаяць за абуткам або тэхнікай, але стаяць за калготкамі - прабачце, гэта ганьба», - абурылася жанчына, прадзіраючыся скрозь натоўп.

Прыходзілі з жонкамі і з дзецьмі. Куплялі кашулі і абутак, паліто і заплечнікі. Стомленыя дзеці не ведалі, чым сябе заняць, пакуль бацькі «здабываюць» новыя тавары. На першым паверсе быў сапраўдны аншлаг - столькі людзей можна было ўбачыць хіба што на вялікіх святах і кірмашах.

«А я нават не ведала, што тут зніжкі, сказалі мне браць, ну я і бяру. Нельга такую магчымасць губляць. Хутка навагоднія святы, трэба рыхтавацца», - падзялілася радасцю жанчына ў чарзе за навагоднімі ўпрыгожваннямі.

Трапіць да любой вітрыны з таварам было вельмі складана, з усіх бакоў іх абляпілі людзі. На фотаапарат касіліся зусім не ветліва, адна бабуля нават зрабіла заўвагу фотакарэспандэнту: «Што вы тут ходзіце, здымаеце? І так месца няма. Што тут здымаць? Калі браць нічога не будзеш, то ідзі адсюль і не замінай іншым».

Напісаць каментар 185

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках