125 гадоў з дня нараджэння Зміцера Жылуновіча
6- 5.11.2012, 16:29
Зміцер Жылуновіч, вядомы пад псеўданімам Цішка Гартны, узначальваў першы ўрад савецкай Беларусі.
Будучы пісьменнік і палітык нарадзіўся ў Капылі пад Менскам.
Пасля расейскай рэвалюцыі 1917 года Зміцер Жылуновіч узначаліў Беларускі нацыянальны камісарыят пры ўрадзе РСФСР.
У той час бальшавіцкае кіраўніцтва выступала супраць стварэння нават аўтаномнай беларускай рэспублікі.
Камісія УЦВК РСФСР прапанавала стварыць Заходнюю вобласць (Заходнюю камуну) у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Менскай, Віленскай і Ковенскай губерняў з абласным цэнтрам у Менску. На такіх пазіцыях стаяла і кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкама РКП (б), аблвыканкама і СНК Заходняй вобласці і фронту. Яны лічылі Беларусь тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР.
Ім супрацьстаялі кіраўнікі Белнацкама, у першую чаргу Жылуновіч. Ён лічыў неабходным стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі.
Белнацкам разгарнуў шырокую працу па стварэнні нацыянальнай дзяржаўнасці, арганізаваў у Маскве 2 з'езда бежанцаў-беларусаў.
У выніку барацьбы беларускіх патрыётаў за незалежнасць, а таксама з-за абвяшчэння БНР, бальшавікі вымушаныя былі пайсці на стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яна была абвешчана ў Смаленску 1 студзеня 1919 года.
Зміцер Жылуновіч узначаліў яе часовы ўрад.
Пазней ён працаваў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР і намеснікам народнага камісара адукацыі БССР. Быў сябрам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры), а ў 1928 годзе абраны акадэмікам Акадэміі Навук БССР. Працаваў у інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Быў сябрам ЦВК БССР (1920-1931).
У 1927 годзе з групай беларускіх пісьменнікаў спрабаваў арганізаваць усебеларускую федэрацыю пісьменнікаў і паэтаў.
15 лістапада 1936 года быў арыштаваны. Знаходзячыся ў турме, быў абвешчаны псіхічна хворым, у сувязі з чым пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр 11 красавіка 1937 года. Па некаторых дадзеных - скончыў жыццё самагубствам.