19 красавiка 2024, Пятніца, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лябедзька: Напад на амбасаду - спланаваная правакацыя

16
Лябедзька: Напад на амбасаду - спланаваная правакацыя

Закід літоўскага дыппрадстаўніцтва «кактэйлямі Молатава» можа быць спробай адцягнуць увагу ад праблем палітвязняў, лічыць палітык.

«Пакуль ідзе следства, могуць быць розныя версіі. Ад мясцовых вар'ятаў да спланаванай правакацыі. Я не выключаю, што гэта магло быць крокам па адцягненню ўвагі ад праблем палітвязняў і мінулых «выбараў», таму што цяпер перамяшчаецца фокус увагі на гэты інцыдэнт не толькі Вільні, але і Бруселя», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

Па словах палітыка, тое, што адбылося, можа быць і спробай запалохаць еўрапейскіх дыпламатаў:

«Нельга выключаць і таго, што гэта акцыя застрашвання дыпламатычнага корпуса Захаду, як бы папярэджанне - глядзіце, мы дыхаем вам у патыліцу. Таму, цяпер усё залежыць ад следства. Куды, у якім напрамку яно пойдзе».

Калі ўлада знойдзе і прадаставіць вінаватых, то яна згуляе сабе на руку, упэўнены Анатоль Лябедзька:

«Я думаю, калі зараз хутка знайсці вінаватых і прад'явіць іх, афіцыйны Менск зможа паставіць сабе гэта ў заслугу, як тоўсты крыж, і такім чынам згладзіць дрэнныя адносіны з Бруселем».

Вядома, «вінаватымі» могуць апынуцца зусім недатычныя людзі, адзначыў старшыня АГП:

«Калі гэта спланаваная правакацыя - то тут не складана знайсці людзей, з якіх можна зрабіць «казлоў адпушчэння», такое ўжо было. Калі нешта падобнае адбывалася ў папярэднія гады (закід «фаераў» на тэрыторыю міністэрства абароны, закідванне расейскай амбасады запальнымі сумесямі), вінаватых знайшлі хутка і зрабілі з таго вялікую палітычную справу, хоць у судзе яна ў прынцыпе развалілася».

На думку палітыка, радыкальныя арганізацыі, якія маглі здзейсніць такую правакацыю, могуць кантралявацца спецслужбамі:

«Можа быць, зараз паспрабуюць знайсці «стрэлачнікаў» з ліку моладзевых радыкальных арганізацый, якія нібыта не маюць ніякага дачынення да ўлады. Але на самай справе такімі арганізацыямі могуць кіраваць і спецслужбы».

Нагадаем, увечары 6 лістапада ў Менску невядомыя кінулі на тэрыторыю амбасады Літвы «кактэйль Молатава». Ён загарэўся, але ахове атрымалася яго загасіць, шкоды дыпламатычнаму прадстаўніцтву нанесена не было.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках