29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд просіць час на «вывучэнне справы» праз 8 месяцаў пасля расстрэлу

101
Суд просіць час на «вывучэнне справы» праз 8 месяцаў пасля расстрэлу

Маці Уладзіслава Кавалёва атрымала адказ з Вярхоўнага суда на наглядную скаргу.

Скаргу, якую ў свой час не паспеў падаць яе расстраляны сын Уладзіслаў, Любоў Кавалёва падавала разам з адвакатам Станіславам Абразеем у канцы верасня.

У дакуменце змешчаны парушэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса падчас следства і суда.

Згадваецца і відэазапіс з метро з элементамі мантажу, і вынікі экспертызы, згодна з якім ні на вопратцы, ні на целе ў Зміцера Канавалава і Улада Кавалёва не выяўлена слядоў выбуховых рэчываў. Таксама ў скарзе гаворыцца пра тое, што Кавалёва фактычна пазбавілі права на абарону: пакуль вялося следства, адваката да Улада дапусцілі толькі адзін раз. Абразей мог сустракацца з падабаронным толькі падчас следчых дзеянняў, а ў судзе такая магчымасць прадстаўлялася, калі Кавалёва прыводзілі ў клетку, а працэс яшчэ не пачаўся. Нічога не змянілася і пасля вынясення прысуду: адваката не пускалі ў СІЗА КДБ. Акрамя таго, на судзе большасць хадайніцтваў боку абароны былі адхіленыя.

У адказе Вярхоўнага суда за подпісам выконваючага абавязкі намесніка старшыні Міхаіла Кашко напісана:

«Ваша скарга на прысуд ад 30 лістапада знаходзіцца на разглядзе. У сувязі з неабходнасцю дадатковага вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы тэрмін разгляду скаргі падоўжаны».

Колькі часу спатрэбіцца суду для гэтага - не ўдакладняецца.

Любоў Кавалёва паведаміла «Салідарнасці» пра тое, што 8 лістапада мае намер звярнуцца са скаргай у Генпракуратуру.

- Вярхоўны суд працягвае дзеяць бязмежжа! Майго сына пазбавілі права на жыццё, а цяпер ім патрабуецца дадатковы час...

Нагадаем, 11 красавіка 2011 года на станцыі «Кастрычніцкая» менскага метрапалітэна спрацавала магутнае самаробнае выбуховае прыстасаванне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацвёра памерлі ў шпіталях. Цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 33 чалавекі, менш сур'ёзныя раненні - 70 чалавек. Усяго пацярпела больш за 300 чалавек.

Вінаватымі ў здзяйсненні тэракту ўлады «прызначылі» Зміцера Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яны былі прысуджаныя да смяротнага пакарання. 17 сакавіка 2012 года стала вядома, што прысуды прыведзены ў выкананне.

Напісаць каментар 101

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках