29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - Дзень правоў чалавека

26

10 снежня 1948 года Генасамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

Стваральнікамі Дэкларацыі былі чальцы Камісіі ААН па правах чалавека, створанай 16 лютага 1946 года. Старшынёй камісіі стала ўдава прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта – Элеанора, якая мела заслужаны міжнародны аўтарытэт барацьбіта за правы чалавека.

«Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны надзеленыя розумам і сумленнем і павінны ставіцца адзін да аднаго ў духу братэрства», - гучыць першы артыкул Дэкларацыі правоў чалавека.

На гэтай высокай гуманістычнай ноце гучаць і астатнія - усе 30 артыкулаў Дэкларацыі, якія абвяшчаюць і абараняюць самыя галоўныя, базавыя правы чалавека.

Гэты выбітны дакумент, які Элеанора Рузвельт назвала Вялікай Хартыяй вольнасцяў для ўсяго чалавецтва, быў прыняты на паседжанні Генеральнай асамблеі ААН пераважнай большасцю галасоў краінаў-удзельніцаў, толькі пры 10 краінах, якія ўстрымаліся ці якія галасавалі супраць (рэзалюцыя N217 ад 10 снежня 1948 года).

Сярод апошніх быў і Савецкі Саюз. І толькі пасля далучэння СССР у 1976 годзе да Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія ствараліся на аснове палажэнняў Дэкларацыі і сталі абавязковымі для выканання ўсімі іх падпісантамі, таталітарная дзяржава фармальна ўвайшла ў кола краінаў, якія прызнавалі і абавязваліся выконваць правы чалавека.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека стала падставай для шэрагу дакументаў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкі, 1975 год). У прыватнасці, той іх часткі, якая датычылася гуманітарных сфераў: культуры, адукацыі, абмену інфармацыяй, кантактаў паміж людзьмі і г.д.

Як вядома, гэтыя дакументы і кантроль за іх практычным выкананнем сталі асновай для дзейнасці дысідэнцкіх праваабарончых Хельсінскіх групаў у Савецкім Саюзе. Так высокія і справядлівыя ідэі пераадольвалі зло і няпраўду, змянялі свет да лепшага.

Паводле дадзеных ААН, цяпер Дэкларацыя перакладзеная больш чым на 300 моваў свету, яна стала адным з самых распаўсюджаных тэкстаў у сусветнай гісторыі. У шматлікіх канстытуцыях краінаў свету, у першую чаргу тых, якія прымаліся пасля Другой сусветнай вайны і стварэння ААН, у той ці іншай форме прысутнічаюць ідэі першага артыкула Дэкларацыі.

У гонар прыняцця Дэкларацыі 10 снежня абвешчанае ААН Сусветным днём правоў чалавека, які адзначаецца з 1950 года. У спецыяльнай рэзалюцыі па гэтым пытанні Генеральная асамблея ААН адзначыла: «Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека з'яўляецца значным крокам наперад на шляху прагрэса чалавецтва».

Дзень правоў чалавека ў Беларусі

Штогод 10 снежня ў Беларусі праходзяць мірныя акцыі пратэсту. Беларусы выходзяць на вуліцы, праводзяць мітынгі, пікеты, шэсці і патрабуюць ад уладаў спыніць татальнае зневажанне правоў і свабодаў чалавека.

10 снежаня 2002 года Міжнародны дзень правоў чалавека быў адзначаны ў Менску акцыяй у памяць палітычных рэпрэсаваных беларусаў. Больш за дзвесце чалавек прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы з партрэтамі бясследна зніклых палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Дзмітрыя Завадзкага, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, асуджаных журналістаў Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча, памерлага пры загадкавых абставінах віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Генадзя Карпенкі , актывіста ЗУБРа Андрэя Зайцава, даведзенага да самагубства супрацоўнікамі КДБ.

Маці і сын выкрадзенага журналіста Дзмітрыя Завадскага

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і ўдава выкрадзенага бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская

Зінаіда Ганчар і вядомая праваабаронца Людміла Гразнова

10 снежня 2003 года ў Менску прайшла акцыя «Мы памятаем» у абарону правоў чалавека і ў памяць пра зніклых у Беларусі людзей. Ініцыятарам акцыі выступілі жонкі зніклых Святлана Завадская і Ірына Красоўская. 500 чалавек сталі ланцугом на праспекце Скарыны з запаленымі свечкамі і партрэтамі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Нягледзячы на мірны характар акцыі, людзьмі ў цывільным была арыштаваная дырэктар Свабоднага тэатра Наталля Каляда. Супрацоўнікі міліцыі, апранутыя ў цывільнае, спрабавалі перашкодзіць правядзенню акцыі.

10 снежня 2004 года сотні людзей выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі зніклых у Беларусі лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста, памерлага пры загадкавых абставінах віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Генадзя Карпенкі і палітвязня Міхаіла Марыніча. Удзельнікі акцыі трымалі транспаранты «Лукашэнка! Дзе Ганчар, Красоўскі, Завадскі?!», «Свабоду Марынічу!», «Свабоду палітвязням!», «Сёння Украіна, заўтра Беларусь!», «Можна сфальсіфікаваць выбары, але нельга схаваць праўду». На руках шмат каго з іх, у знак салідарнасці з рэвалюцыяй ва Украіне, былі завязаныя аранжавыя стужачкі, некаторыя трымалі сцягі Еўрапейскага Звяза. Акцыя працягнулася каля будынка КДБ. На ўваходных дзвярах ва ўстанову ўдзельнікі акцыі прыляпілі партрэты зніклых апазіцыянераў.

Удава выкрадзенага журналіста Святлана Завадская з сынам Юрам

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і яго жонка, вядомая журналістка Ірына Халіп

10 снежня 2005 года вядомыя беларускія праваабаронцы распаўсюджвалі ў цэнтры Менска справаздачу спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Камітэта па справах правоў чалавека ААН Андрыяна Севярына аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Нагадаем, што беларускія ўлады забаранілі Севярыну ўезд на тэрыторыю Беларусі падчас падрыхтоўкі ім гэтай справаздачы.

10 снежня 2006 года у Менску была разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязням Аляксандрам Казуліным, які да таго часу ўжо 52 дні галадаў у віцебскай выпраўленчай калоніі. Больш за 50 чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі палітвязня, расцяжкамі, плакатамі і скандавалі «Свабоду Казуліну!». Паводле дадзеных праваабаронцаў, былі затрыманыя 30 чалавек. Сярод іх-намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Алесь Каліта. Супрацоўнікі АМАПа пры разгоне акцыі білі людзей дубінкамі па нагах.

Супрацоўнікі міліцыі павалілі на зямлю вядомага праваабаронцу Валянціна Стэфановіча

10 снежня 2007 года тысяча прадпрымальнікаў выйшлі на вуліцы Менска і прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, каб перадаць уладам патрабаванне даць свабоду прыватнаму бізнэсу і адмяніць дыскрымінацыйныя ўказы Аляксандра Лукашэнкі.

10 снежня 2009 года актывісты апазіцыі і праваабаронцы, апранутыя ў імправізаваныя паласатыя робы, прыйшлі да будынка Камітэта дзяржбяспекі з таблічкамі, на якіх было напісана «Я незалежны журналіст», «Я незалежны назіральнік», «Я праваабаронца».

У 2010 годзе ў Дзень правоў чалавека актывісты грамадзянскіх кампаній «Еўрапейская Беларусь» і «Гавары праўду» арганізавалі шэсце па праспекце Незалежнасці ў Мінску.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках